Суды за Плошчу: Севярынец, Халіп, Марцэлеў (дзень трэці)
11 траўня ў судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся працэс над трыма ўдзельнікамі падзеў 19 сьнежня Паўлам Севярынцам, Ірынай Халіп і Сяргеем Марцэлевым. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.
10-20. У залю прайшлі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Польшчы, ФРГ, Літвы, сваякі і прэса. Прадстаўнік абвінавачваньня Жукоўскі, адвакаты: Марцэлева -- Чычкова, Севярынца – Мушынскі, Халіп – Бахціна.
Павал Севярынец заявіў адвод суду. Судздзя Жанна Брысіна адхіліла адвод Севярынца, бо заяўленыя Севярынцам абставіны не ўваходзяць у пералік абставінаў для адводу суду. Адвакат Севярынца хадайнічае перад судом дапытаць наступных сьведкаў: Шурхай, Садоўскі, Севярынец Тацяна, Каменева, Кабанчук, Чарморцава, Георгі Дзмітрук, Клімовіч, Анішчанка, Мелінец.
10.45 Пракурор выступіў супраць выкліку новых сьведкаў і супраць зьмены меры стрыманьня Халіп.
Ён таксама супраць таго каб, агледзець дыплёмы Халіп да пачатку
судовага разьбіраньня. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва Севярынца аб
выкліку новых сьведках, далучыла да справы характарыстыку на Халіп і
пагадзілася агледзець дыплёмы Ірыны. Для вырашэньня пытаньня аб зьмене
меры стрыманьня Халіп судзьдзя сышла ў дарадчы пакой. Перапынак.
10.35 Адвакат
Халіп хадайнічае перад судом -- просіць разгледзець журналісцкія
узнагароджаньні Ірыны -- у тым ліку прэмію імя Завадзкага, а таксама
прэміі з ФРГ, Беларусі, Расеі, сярод іншага прэмію БАЖ за тэкст
"Эвангельле ад лукавага", а таксама расейскую прэмію за цыкл публікацый
аб несудовых расправах у Беларусі. А яшчэ далучыць характарыстыку Халіп з
месца працы "Новай газэты".
Адвакат Халіп таксама выступіла з
хадайніцтвам аб зьмяненьні Халіп меры стрыманьня з хатняга арышту на
падпіску пра нявыезд. Забарона на карэспандэнцыю і сувязь пазбаўляе яе
права на выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў, яна пазбаўленая
магчымасьці заробку з-за забароны на выхад на вуліцу. Яна пазбаўленая
права на перапіску з мужам, якія сядзіць у турме КДБ, -- гаворыць
адвакатка Халіп. З-за гэтага парушаюцца правы яе трохгадовага сына, які
разам з маці адбывае хатні арышт. Прымяненьне хатняга арышту да Халіп
зьяўляецца незаконным -- заявіла адвакатка.(Радыё Свабода)
11-00. Суддзя Брысіна адмовілася змяніць меру стрымання Ірыне Халіп.
12-00. Пракурор Жукоўскі зачытвае абвінавачванне ўдзельнікам акцыі праэсту.Марцэлеву ставяць у віну выступ на радыё, дзе давераная асоба Статкевіча, заклікала выйсці на Кастрычніцкую плошчу.
Халіп цягам “выказваючы надуманыя абвінавачванні аб недамакратынасці выбараў” неаднаразова заклікала на Кастрычніцкую плошчу. Ставіцца ў віну і ўдзел у Плошчы.
Сяргей Марцэлеў прызнае поўнасцю абвінавачванне. Севярынец не прызнае віны, Халіп таксама.
Як адзначае адносна Марцэлева прысутны ў судзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, фактычна ён прызнае сваю віну толькі ў тым, што выйшаў на праезжую частку і заклікаў у радыёзвароце людзей на акцыю на Кастрычніцкую плошчу, паколькі лічыць, што кожны мае права выказаць сваё меркаванне падчас мірнага сходу. Таксама праваабаронца адзначае, што сутнасць абвінавачання фігурантаў справы вельмі падобная на абвінавачанне, прад'яўленае М. Статкевічу і П. Севярынцу ў 2004 годзе. Іх абвінавачваюць у тым, што рознымі шляхамі заклікалі людзей на Плошчу, асабістым прыкладам - выйсці на праезжую частку, у выніку чаго была паралізаваная праца грамадскага транспарту і г.д. Аднак Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што абвінавачанне заканчваецца тымі дзеяннямі, якія былі на шляху да пл.Незалежнасці: "Атрымліваецца, што ішлі-ішлі і нікуды не прыйшлі"
14.05 Пасьля перапынку працягваецца допыт сьведкаў. Севярынец
адмаўляецца даваць паказаньні. "Тое, што я скажу, можа быць выкарыстана
ня толькі супраць мяне, але і супраць іншых. Гэта не крымінальная
справа, а замаскіраваная палітычная. Нават наш госпад Ісус Хрыстос
паказаньняў кесараваму суду не даваў, бо ведаў, што суд няправедны. Суд і
сьледзтва трымалі мяне пад вартай, не давалі магчымасьці сустрэцца з
роднымі нават спавядацца прычасьціцца, таму я не буду адказваць на
пытаньні. Ёсьць відэа, там бачна, што я рабіў, -- заявіў Севярынец. (Радыё Свабода)
Дапыталі Ірыну Халіп. Палажэньні абвінаваўчага
заключэньня Ірына назвала надуманымі, тэрміналёгіяй піянэрскага лягеру. У
прыватнасьці так яна ацаніла палажэньне абвінавачваньня, што яна сваім
прыкладам уцягвала іншых, ідучы наперадзе ў калёне.
І.Халіп патлумачыла, што адмаўляе сваю віну, паколькі 19 снежня на Плошчы яна, па-першае, выконвала функцыі журналіста, а па-другое, прысутнічала там як жонка кандыдата ў прэзідэнты. Яна таксама патлумачыла, што на праезжую частку выйшла таму, што на акцыі было шмат народу і гэта быў адзіны спосаб бяспечнага перамяшчэння людзей. Яна не прызнае факту нанясення матэрыяльнай шкоды. Тут варта адзначыць, што грамадскіх іскаў у справе няма, фактычна ёсць толькі паведамленні розных прадпрыемстваў пра спыненне працы ў сувязі з акцыяй.
12 траўня.
Працэс адноўлены ў 10-00. У залі дыпляматы, родныя падсудных, актывісты БХД, палітыкі, каля 20 БРСМаўцаў. Севярынца і Марцалева прывялі ў кайданках, Севярынец прынёс з сабою Біблію. Ірыну Халіп прывялі два ахоўніка ў цывільным. Сёньня будуць дапытаныя сьведкі: Каралькоў, Кіслаў, Карзюк, Дуброўскі і Сульжыцкі ды іншыя.
10-50. Дапытваюць сведак-супрацоўнікаў ДАІ.
Як паведамляе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, былі дапытаныя каля 8 супрацоўнікаў ДАІ, якія напачатку сачылі за рухам па праспекце Незалежнасці. Затым суддзя прапанавала ў другой палове дня прыступіць да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы і абвесціла перапынак да 14 гадзін.
14-50. Пасьля перапынку ў судзе пачаўся прагляд відэаматэрыялаў па справе. Спачатку – прапагандысцкі сюжэт Беларускага тэлебачаньня, які трансьляваўся адразу пасьля падзей на плошчы Незалежнасьці. Закадравы голас абвінавачвае Саньнікава і Статкевіча ў арганізацыі штурму. Такім чынам у якасьці доказаў па справе суд выкарыстоўвае прапаганду БТ, хоць многія заявы БТ былі ўжо абвергнутыя ў судах, у прыватнасьці тое, што ў машыне з гукаўзмацняльнай апаратурай ад штаба Някляева везьлі выбуховыя рэчывы.
У якасьці відэа ў судзе аглядаецца таксама журналісткі рэпартаж ОНТ з падзеяў 19 сьнежня, які ўтрымлівае шмат непраўдзівай перадузятай інфармацыі. Тое, што аўтобус Някляева вёз выбухоўку, апаратуру і г.д. Хаця ў працэсе Някляева ўжо былі агучаныя паказаньні аб тым, што там была толькі гукаўзмацняльная апаратура. Аглядаецца не відэахроніка ці апэратыўныя здымкі, а рэпартаж журналістаў. Пракурор удакладніў, што гэты дыск быў далучаны да справы рашэньнем сьледзтва. Далей паказваюць зманціраваную хроніку мітынгу на плошчы Незалежнасьці - вельмі нізкай якасьці, кадр увесь час зрываецца. На кадрах няма даты і часу. (Радыё Свабода)
"Мяне ўразіў рэпартаж ОНТ, у якім міністр унутраных справаў бессаромна хлусіць пра тое, што ў выніку акцыі шмат міліцыянтаў акзаліся з пераламанымі рукамі і нагамі. У судах мы маглі бачыць як мінімум 29 сведкаў з пацярпелых міліцыянтаў, аднак пераламаных рук ці ног я асабіста не бачыў ні ў воднага з іх, - каментуе прагледжаныя падчас сённяшняга паседжання відэаматэрыялы праваабаронца Валянцін Стэфановіч. - Таксама было паказана вельмі працяглая па часе відэаздымка з пл.Незалежнасці, хаця падзеі на на пл.Незалежнасці не ўваходзяць у абвінавачанне. Не зразумела, навошта далучаць такое відэа і журналісцкія рэпартажы да матэрыялаў справы, калі яны не з'яўляюцца аператыўнымі матэрыяламі".
13 траўня.
10-05. Пачаўся трэці дзень судовага працэсу. Суддзя Жанна Брысіна абвясціла спіс сьведкаў, якія будуць даваць паказанні. У судовую залю людзей прапускалі праз тры пункты прпуску – на ўваходзе ў будынак, у будынку – на ўваходзе ў залю паседжаньня. Акрамя рамкі мэталяшукальніка ў прысутных аглядалі торбы і кішэні.
Пасьля абедзеннага перапынку ў судзе вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы па справе. Судзьдзя падае характарыстыку на Ірыну Халіп ад рэдактара расейскай газэты, дзе яна працуе. Халіп
характарызуюць як прафэсійную журналістку, якая неаднойчы атрымлівала
ўзнагароды, надзейнага і прыстойнага чалавека, клапатлівую маці.
Таксама
ўзнагарода на ангельскай мове — судзьдзя сказала, што ангельскай
не валодае. Адвакатка Халіп адзначыла, што гэта ўзнагарода ад нямецкіх
мэдыяў. Судзьдзя перапытвае, як Халіп атрымала ўзнагароду, калі
знаходзілася пад хатнім арыштам. Халіп тлумачыць, што дыплём атрымаў
яе непасрэдны кіраўнік-рэдактар, а журналісты перадалі бацькам, якія
маюць права зь ёй кантактаваць.
Дзяржабвінаваўца запрасіў Паўлу Севярынцу 3 гады абмежавання волі, Ірыне Халіп і Сяргею Марцэлеву па 2 гады з адтэрміноўкай. Прысуд будзе абвешчаны 16 траўня.