viasna on patreon

Бабруйскія дэмакраты баронюць “Нашу Ніву” і “Народную Волю”

2011 2011-05-12T15:52:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nasha-niva-080710-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рада дэмакратычных сіл Бабруйска распачала збор подпісаў у падтрымку незалежных газет “Нашай Нівы” і “Народнай Волі”. Дэмакратычныя актывісты патрабуюць спыніць пераслед гэтых незалежных выданняў.

Пад такім зваротам ужо падпісала каля 200 жыхароў горада. 170 подпісаў актывісты заказным лістом выслалі міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.

Адзін з ініцыятараў акцыі старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Віктар Бузінаеў адзначыў, што зварот на імя міністра высылаўся ад імя іх арганізацыі, бо яна з’яўляецца афіцыйна зарэгістраванай.

“Вестка пра тое, што мы распачалі збор подпісаў у абарону незалежных газет “Нашай Нівы” і ”Народнай Волі” разляцелася па розных СМІ. Да нас пачалі званіць звычайныя бабруйцы з жаданнем падпісацца пад зваротам, таму мы вырашылі зрабіць гэтую акцыю доўгатэрміновай, - гаворыць Віктар  Бузінаеў, - па меры збору чарговай партыі подпісаў мы іх зноўку плануем выслаць на імя міністра інфармацыі”.

“Цікавым з’яўляецца той факт, што сярод падпісаўшыхся вельмі шмат пенсіянераў, - працягвае лідэр Бабруйскай арганізацыі АГП, - толькі з майго дому пад зваротам падпісалася каля 15 пенсіянераў. Паўгады назад яны бы мне жыцця не далі, калі б я да іх прыйшоў з такім пытаннем, а зараз, наадварот, ідуць на сустрач. Як высветлілася падчас размовы з імі ў горадзе пачала існаваць праблема з набыццём гэтых незалежных газет. Праз сетку распаўсюду “Белсаюздрук” яны раскупаюцца імгненна – менш чым за вечар”.

Віктар Бузінаеў адзначае, што ў бліжэйшы час ён плануе падаць абвестку аб распачатай акцыі ў незалежную Бабруйскую газету “Бабруйскі кур’ер”, дзе плануе пакінуць кантактны нумар тэлефона, каб жыхары горада тэлефанавалі і падпісваліся ў абарону незалежных газет.

“Праваабрончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства