"Рэпарцёры без межаў" патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення Ірыны Халіп
Праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" уважліва сочыць за судом над журналісткай Ірынай Халіп.
"Нішто не можа апраўдаць працэс над Ірынай Халіп, — гаворыцца ў распаўсюджанай 12 мая заяве арганізацыі. — Журналістка з'яўляецца ахвярай жорсткіх палітычных рэпрэсій, якія аўтарытарны рэжым разгарнуў у дачыненні да тых, хто супраць і гаворыць пра гэта. Усе судовыя працэсы ў дачыненні да яе павінны быць неадкладна спынены, і журналістка павінна без усякіх умоў зноў мець магчымасць свабодна перамяшчацца і мець зносіны".
Акрамя таго, "Рэпарцёры без межаў" уважліва назіраюць за сітуацыяй вакол недзяржаўных газет "Народная воля" і "Наша ніва" ў сувязі з пададзеным Міністэрствам інфармацыі ў Вышэйшы гаспадарчы суд іскам аб закрыцці выданняў. Праваабарончая арганізацыя выказала надзею, што ў гэтых выпадках вердыкт будзе вынесены на падставе закону, а не палітычных матываў, паведамляе БелаПАН.