Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі
Еўрапарламент заклікаў Еўракамісію, Савет ЕС і краіны — партнёры Еўрасаюза «пашырыць абмежавальныя меры да беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесці кропкавыя эканамічныя санкцыі да прадпрыемстваў, што належаць дзяржаве». Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі, якая прынята 12 мая на сесіі ў Страсбургу. Тэкст дакумента апублікаваны на афіцыйным сайце Еўрапарламента.
У рэзалюцыі рашуча асуджаюцца ўсе абвінавачанні, прад’яўленыя па справе аб масавых беспарадках, якую Еўрапарламент назваў палітычна матываванай. У дакуменце таксама адзначаецца, што ўсе абвінавачанні супраць кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса і Андрэя Саннікава з’яўляюцца «незаконнымі і недапушчальнымі».
ЕП таксама асудзіў праяўленую беларускімі ўладамі непавагу да правоў грамадзян на свабоду сходаў і свабоду слова і заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых па справе аб масавых беспарадках.
Еўрапарламент выказаў неспакой у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з праваабаронцамі ў Беларусі. У прыватнасці, у рэзалюцыі рашуча асуджаюцца прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і шэраг журналістаў дзяржаўных СМІ, якія назвалі старшыню незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага «пятай калонай у краіне». Рэзалюцыя асуджае «атмасферу страху і запужвання палітычных апанентаў» у Беларусі.
У дакуменце Еўрапарламент таксама асуджае працяг уціску і праследу незалежных журналістаў і СМІ. Еўрапарламент заклікаў спыніць ініцыяваную Міністэрствам інфармацыі працэдуру закрыцця газет «Народная воля» і «Наша ніва», зняць абмежаванні па доступу да сайтаў «Хартыя-97» і «Беларускі партызан», а таксама вызваліць журналіста Андрэя Пачобута.
Резолюция Европейского Парламента по Беларуси от 12 мая 2011 г.
Эўрапарлямэнт — за адрасныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі