Магілёўскі абласны суд не ўбачыў дыскрымінацыі
Сёння, 16 траўня, Магілёўскі абласны суд не задаволіў пазоў грамадскага актывіста Аляксея Паўлоўскага. Аляксей абскарджваў пастанову Ленінскага раённага суда Магілёва аб працоўнай дыскрымінацыі, якая на думку актывіста заключалася ў тым, што “Будаўнічы трэст №12” у чарговы раз не ўзяў яго на працу. Пры гэтым вакансіі рабочых-каменшчыкаў, на якія прэтэндаваў Аляксей Паўлоўскі, былі ў наяўнасці.
Трэсту патрабаваліся каменшчыкі, з нагоды чаго яго адміністрацыя падавала заяўкі ў цэнтр занятасці. Калі ж Аляксей Паўлоўскі знаёміўся з вакансіямі, якія прапаноўваў трэст, і прыходзіў каб працаўладкавацца туды – яму казалі, што на гэтыя месцы ўжо знойдзены спецыялісты. Так паўтаралася некалькі разоў.
Аляксей убачыў у гэтым працоўную дыскрымінацыю, якая звязаная з яго грамадска-прафсаюзнай дзейнасцю і звярнуўся ў суд.
“Я працаваў у гэтым трэсце больш за 20 год, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі, - і цягам усяго часу змагаўся за паляпшэння ўмоваў працы. Быў сябрам свабоднага прафсаюза. Так сталася, што мне давялося выйграць некалькі судоў у адміністрацыі трэста, і яна была вымушана выплаціць у выніку мне вельмі вялікую суму грошай, аднак я быў звольнены. Пасля звальнення з будаўнічай арганізацыі “Пакроў” я зноўку хацеў працаўладкавацца ў будтрэсце №12, аднак, мяне на працу туды не прынялі з-за маёй прафсаюзнай актыўнасці і я вырашыў бараніць сваё права на працу праз суд”.
“Начальнік аддзела кадраў схлусіла ў судзе, калі сказала, што мяне не ведала да таго часу як я да іх звярнуўся. У мяне ёсць пісьмовы доказ гэтага. Два гады назад яна мне таксама адмовіла ў працаўладкаванні, бо ведала хто я такі. Гэты аргумент, з дакументальным доказам суд да ўвагі не прыняў і ў яе дзеяннях суддзя абласнога суда спадарыня Барсук, як і яе папярэдніца з Ленінскага раённага суда суддзя Трапыніна не ўбачыла працоўнай дыскрымінацыі , - працягвае Аляксей Паўлоўскі.
Тым не менш суддзя па гэтаму факту параіла звярнуцца ў пракуратуру.
Праваабронца Барыс Бухель адзначае, што ў бліжэйшы час рашэнне абласнога суда будзе абскарджана.
“Мы збіраемся пісаць наглядную скаргу на імя старшыні абласнога суда, бо рашэнне суддзі Ленінскага раёна Трапынінай было пабудавана на хлуслівых паказаннях начальніка аддзела кадраў. Акрамя гэтага мы збіраемся напісаць заяву ў пракуратуру”, - гаворыць праваабронца.
“Праваабарончая хроніка”