viasna on patreon

У раёнках Гомельскай вобласці – спрэс пазітыў

2011 2011-05-17T20:02:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/usmeshka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кошты на ўсе тавары растуць штодзень, валюты ў абменных пунктах як не было месяц таму, па тры тысячы за даляр, так няма і сёння — па чатыры з паловай. Але, здаецца, з такімі праблемамі не сутыкаюцца жыхары раёнаў Гомельскай вобласці. Прынамсі, на сайтах мясцовых раённых газет няма ніводнага паведамлення, ніводнага радка са словамі «крызіс», «валюта», «рост коштаў». Здаецца, час там спыніўся яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму.

Мы прагарталі сайты ўсіх раёнак Гомельскай вобласці, і ўпэўніліся, што выданні перадаюць чытачам спрэс пазітыў і аптымізм, чаго варты толькі газетыя загалоўкі.

Напрыклад, Нараўлянская раённая газета «Прыпяцкая праўда» павучае чытачоў: «Каб быць сучаснымі, трэба развівацца шматвектарна» (14.05.2011)

«Спыніць траўматызм» збіраецца брагінская раёнка «Маяк Палесся» і нагадвае, што «Шчасце — у тваіх руках» (14.05.2011)

«Арыенцір — на якасць работы» - піша «Чачэрскі вестнік» ў той жа дзень, 14 мая. «На добрыя мэты» накіраваны ў «Калінкавічскай газеце», якая паведамляе пра суботнік.

«Па плане працуеш — парадак мацуеш» - упэўнены ў «Петрыкаўскіх навінах». «У прыродзе ўсе гарманічна» - зазначаюць «Хойніцкія навіны». «Атрымлівайце асалоду ад прыгажосці» - заклікае «Голас Веткаўшчыны» у матэрыяле пра новыя клумбы і азеляненне горада. Няма валюты, дарагія прадукты — застаецца толькі ад прыгажосці атрымліваць асалоду.

«Рабочае месца для таго, каб працаваць!» - прынесла «благую вестку сваім чытачам газета «Новае Палессе» (Жыткавічы).

Пра злачынства стагоддзя напісала рачагоўскае «Свабоднае слова»: «Падпальшчык куста каля кінатэатра «Прамень» затрыманы». З тэкста мы можам даведацца, што нейкі падлетак выпадкова падпаліў куст ядлоўца.

«Чым жывеш, піянерыя?» - пытаецца газета «Новы дзень» (Жлобін). Ельская газета «Народны голас» паведамляе народу, што «Жаніцца будзем па-новаму».

Галоўны закон краіны — Канстытуцыя, гарантуе беларусам права на «атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, даставернай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным і міжнародным жыцці». Толькі на практыцы, як відаць, людзі пазбаўлены гэтага права.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства