viasna on patreon

Справа падпалу бабруйскага КДБ: падсудныя заяўляюць пра ціск з боку следства

2011 2011-05-17T21:36:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/anarhisty-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 траўня адбылося другое паседжанне па справе падпала будынка КДБ ў Бабруйску. На ім двое падазраваных – Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч заявілі аб ціску падчас следства.

Суд пачаўся са спазненем у гадзіну, замест запланаваных 14.00. Перад гэтым  журналістам забаранілі карыстацца фота і відэакамерамі.

Пачалося паседжанне з паказанняў сведкі Сяргея Тарасіка, які зараз праходзіць тэрміновую службу ў войску. Адзін з прысутных у зале мужчын пацікавіўся, чаму сведка знаходзіцца ў зале суда, і суддзя Павел Карцінін папрасіў яго выйсці.

Сяргей Тарасік распавёў суду аб сяброўстве з гарадзенцам Арцёмам Пракапенкам, ахарактарызаваў яго як “нармальнага, станоўчага чалавека, які не кіне ў бядзе”. Па яго словах, падсудны распавядаў яму пра падпал будынка, а таксама прапаноўваў зладзіць падобную акцыю ў іх горадзе – Гродне. Пры гэтым суддзя зачытаў пратакол, з якога вынікала, што сведка не агучыў на судзе ўсе сведчанні, унесеныя ў пратакол на допыце.

Арцём Пракапенка паведаміў, што падчас следства на яго быў аказаны ціск з боку следчага: “Мне яшчэ да правядзення допыту дазнаўца сказаў, што я павінен гаварыць. І я даваў паказанні пасля папярэдняй размовы. Я знаходзіўся ў стрэсавай сітуацыі і пабаяўся супярэчыць следчаму”, - заявіў падсудны. Таксама Арцём адзначыў, што не меў рэцэпта выбухоўкі, і не меў на мэце выкладаць відэа ў інтэрнэт.

Яўген Васьковіч паведаміў, што вырабіў “кактэль Молатава” ва ўласнай кватэры, з Арцёмам Пракапенкам. Паўла Сырамолатава, трэцяга падазраванага, з іх словаў, у гэты момант побач не было.

Суддзя пацікавіўся ў падсудных, ці аглядалі яны будынак КДБ перад тым, як здзейсніць задуманае. Хлопцы адказалі, што не. Таксама суд цікавіла, ці ўжывалі падазраваныя перад гэтым спіртныя напоі. Па пратакольных паказаннях Паўла Сырамолатава, ён піў піва, але на судзе ён заявіў, што не памятае, ці гэта сапраўды было так.

Пракурор папрасіла агучыць прычыну няяўкі сведкі Іллі Ібрагімава, які нібыта бачыў, як хлопцы закідвалі будынак “кактэлямі”. Прычыну – знаходжанне сведкі гэтага чалавека ў Расіі, суд палічыў уважлівай прычынай, і зачытаў яго паказанні з матэрыялаў справы.

Суддзя паведаміў, што ў Яўгена Васьковіча падчас вобшуку былі знойдзенны файлы на флэшцы са словамі “выбух”, “выбухоўка” і гэтак далей. На флэшцы таксама ўтрымліваліся матэрыялы з апісаннямі прыёмаў партызанскай барацьбы, супраціву міліцыі, рэцэпты выбуховак. Яўген Васьковіч адмаўляецца, што меў такую інфармацыю. Далей суддзя ўзгадаў арышты хлопца пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, і ранейшае, калі ён ўзняў бела-чырвона-белы сцяг падчас хакейнага матча. 

Яўген Васьковіч заявіў, што падзеі 19 снежня ў чарговы раз надалі яму ўпэўненасці, што гэтая акцыя з падпалам будынка КДБ была патрэбная, бо “сістэма дзейнічае, як гестапа”.

Арцём Пракапенка распавёў што “кактэль Молатава” яны прыгатвалі за чатыры дні да акцыі. Яўген Васьковіч дадаў, што сумесь ён захоўваў у падвале. Гэта зноў не супала з занесенымі ў пратакол сведчаннямі, і Арцём Пракапенка ў чарговы раз нагадаў суду, што былыя паказанні даваў пад псіхалагічным ціскам.

Суддзя Павел Карцінін зачытаў яўку з павіннай Паўла Сырамолатава. З яе вынікала, што хлопец хацеў “пагарэзіць, а магчыма зрабіў гэта пад уздзеяннем стрэса ці інтэрнэта”. Ён адзначыў, што напісаў яўку добраахвотна, не пад ціскам. У гэты час адвакат Паўла пацікавіўся, якім чынам адбывалася яго затрыманне. “Мяне затрымалі ў 05.41 раніцы два чалавекі ў масках і два супрацоўнікі КДБ. Гэта было ўпершыню ў маім жыцці, я перажыў моцны стрэс. Яўку таксама напісаў у гэтую ж раніцу”, - прызнаўся Сырамолатаў. 

Суддзя зачытаў пратакол па гэтаму падсуднаму. У ім прагучалі акалічнасці знаёмства з паплечнікамі, рэцэпт напалма, інфармацыя, адкуль яны бралі матэрыялы для “кактэля” і гэтак далей.

У пратаколе па справе Арцёма Пракапенкі хлопец прызнаваўся, што лічыць сябе анархістам. Але на судзе падазраваны заявіў, што стаў удзельнікам акцыі з хуліганскіх памкненняў. Таксама ён яшчэ раз адзначыў, што раней казаў няпраўду. Ён паведаміў, што не памятае, ці былі падчас следчага эксперымента на будынку КДБ сляды падпала.

Яўген Васьковіч распавёў, што следчы – капітан Сяргей Гаццян, параіў яму што казаць на допытах, каб атрымаць невялікі тэрмін: “Нам параілі казаць, што мы не дакінулі бутэлькі да будынка. Я нават не знаёміўся з матэрыяламі справы, бо давяраў Гаццяну”, - адзначыў хлопец.

У  16.42 пачаўся прагляд відэаматэрыялаў. Падчас прагляда следчага эксперымента з удзелам Яўгена Васьковіча зноў усплыла тэма ціску з боку следства: “Калі ішло следства, я ўносіў заўвагі, якія следчы Гаццян не прыняў, сказаў “на судзе разбярэмся”. Усе дзяржаўныя адвакаты сядзелі моўчкі, нічым мне не дапамаглі. Адвакат Літвіна, якая прысутнічала на эксперыменце, ні разу не падыйшла да мяне з пытаннямі, яна дапамагала следчаму, а не мне. Я не мог прымусіць тых адвакатаў мне дапамагаць”, - заявіў Васьковіч.

Арцём Пракапенка пракаментаваў відэаматэрыялы з свайго следчага эксперымента наступным чынам: “Усё гэта я зрабіў з хуліганскіх памкненняў, хацелася парушыць грамадскі парадак, хацелася прыгодаў. Усё што я казаў дагэтуль – няпраўда, я заяўляў ужо пра гэта. Раней я сябе агаворваў”.

Пасля шостай гадзіны вечара суддзя аб’явіў перапынак да наступнага дня, 18 траўня. Паседжанне пачнецца ў 10.30 раніцы.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства