У Пінску 47 “ухілістаў” ад дактыласкапіі
У Пінску амаль завершыўся працэс дактыласкапіі. Пра гэта паведаміў у сваім інтэрвью начальнік аддзелу аховы правапарадку Пінскага ГАУС. Усяго адбіткі пальцаў узялі ў 29669 жыхароў сталіцы Палесся, што складае амаль 96% ад ваеннаабавязаных асобаў. 1275 пінчукоў знаходзяцца па-за межамі гораду, таму іхнія адбіткі ўзяць пакуль немагчыма, яшчэ 47 чалавек з розных падставаў ухіляюцца ад дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Са словаў міліцэйскага начальніка, працэсам дактыласкапавання займаўся ўвесь асабісты склад Пінскага ГАУС. У прызыўнікоў пальцы “каталі” непасрэдна ў ваенкамаце, у студэнтаў -- з выездам у навучальныя ўстановы, у беспрацоўных – па месце жыхарства. Кожны міліцыянт атрымаў персанальны спіс ваеннаабавязаных грамадзян, якіх патрэбна было знайсці і забяспечыць узяццё адбіткаў пальцаў.
“Праваабарончая хроніка”