viasna on patreon

Ірыне Халіп не далі сустрэцца з Андрэем Саннікавым

2011 2011-05-18T12:24:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ірыне Халіп адмовілі ў спатканні з мужам Андрэем Саннікавым. Пра гэта паведаміў БелаПАН бацька Ірыны кінадраматург Уладзімір Халіп.

Паводле яго слоў, раніцай 18 мая яна накіравалася ў СІЗА КДБ, каб атрымаць дазвол на спатканне з мужам. Адначасова з ёй туды паехала маці Саннікава Ала, якая збіралася аддаць яму перадачу. Ці ўдалося гэта зрабіць маці асуджанага экс-кандыдата ў прэзідэнты, пакуль невядома.

Напярэдадні, 17 мая, Ірына Халіп паведаміла, што разам з маці Саннікава наведала суд Партызанскага раёна, дзе праходзіў працэс над яе мужам, і напісала заяву з просьбай аб спатканні. «Нам адразу ж выдалі дазвол. Заўтра з раніцы свякроў ідзе перадаваць перадачу, і я туды пад’еду таксама», — сказала Ірына.

Уладзімір Халіп адзначыў, што яе дачцэ адмовілі ў сустрэчы з мужам, нічым не матывуючы гэтае рашэнне. Каментуючы адмову, ён заявіў, што «працягваецца прэсінг на найбольш непажаданых у палітычных адносінах людзей, найбольш небяспечных для ўладаў дзеячаў дэмакратычных сіл». На яго думку, такі націск будзе працягвацца. Усе, што адбылося, ён назваў «гульнёй у лібералізацыю», у тым ліку і прысуд дачцэ.

Халіп лічыць, што прысуд Ірыне — гэта «проста адкладзены турэмны тэрмін, які можа быць прыведзены ў выкананне, як толькі супакоіцца грамадская думка».

16 мая Ірына Халіп была прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Яна асуджана ў межах справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Андрэй Саннікаў быў прыгавораны 14 мая да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзе менавіта экс-кандыдат у прэзідэнты будзе адбываць пакаранне, пакуль невядома.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства