Аналітычны агляд судовага працэсу па крымінальнай справе Паўла Севярынца, Сяргея Марцалева і Ірыны Халіп
Высновы:
- У
судзе не прадстаўлена доказаў здзяйснення абвінавачанымі злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 Крымінальнага
кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта непасрэднага здзяйснення грубага
парушэння грамадскага парадку падчас удзелу ў шэсці, а таксама непасрэднага
ўмысла на арганізацыю такіх дзеянняў абвінавачанымі.
У судзе не было прадстаўлена доказаў, што дзеянні асуджаных прывялі да прычынення шкоды грамадзянам ці ўстановам і прадпрыемствам. Фактычна ніхто з указаных у справе прадпрыемстваў і ўстановаў не прадпрымаў працэсуальных дзеянняў да спагнання нібыта нанесенай шкоды ў судовым парадку.
- Доказаў здзяйснення іншых супрацьпраўных дзеянняў абвінавачанымі на пл. Незалежнасці 19-га снежня 2010 г. суду не прадстаўлена.
- Абвінавачаныя П. Севярынец, С. Марцалеў, І. Халіп, якія ўтрымліваліся ў СІЗА КДБ, не мелі неабходай
колькасці спатканняў з адвакатамі ў перыяд правядзення папярэдняга следства па
справе. Дадзеная акалічнасць расцэньваецца намі як парушэнне іх права на
абарону, гарантаванага арт. 62 Канстытуцыі
Рэспублікі Беларусь, нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Адвакаты П. Севярынца і І. Халіп былі адлучаныя ад удзелу ў справе на этапе папярэдняга следства, падвяргаліся ціску з боку Міністэрства юстыцыі і былі пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі і практыкі.
- Дзяржаўныя СМІ (газета “Советская Белоруссия”, дзяржаўныя тэлеканалы) неаднаразова дэманстравалі некаторых абвінавачаных, указвалі прозвішчы іх як арганізатараў пагрому Дома Ураду задоўга да пачатку судовага разбіральніцтва, што груба парушае прынцып прызумпцыі невінаватасці ў дачыненні да асуджаных.
- Публікацыі матэрыялаў папярэдняга следства да яго заканчэння і ўстанаўлення віны абвінавачаных судом у газеце “Советская Белоруссия” рабіліся па ўказанні кіраўніка дзяржавы, што яскрава сведчыць аб палітычным характары дадзенай крымінальнай справы, падкрэслівае абвінаваўчы ўхіл як папярэдняга следства, так і судовага разбіральніцтва.
У сувязі з гэтым мы лічым:
1. Асуджэнне П. Севярынца, С. Марцалева, І. Халіп па ч. 1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь незаконным і палітычна матываваным.
2. У сувязі з гэтым мы патрабуем зняцця ўсіх накладзеных судом абмежаванняў на асуджаных П. Севярынца, С. Марцалева, І. Халіп і зняцця судзімасці.
Кароткае апісанне судовага працэсу
11 траўня 2011 г. у судзе Завадскога раёна г. Мінска распачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай па ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Паўла Севярынца, Сяргея Марцалева, Ірыны Халіп. Працэс працягваўся пяць дзён - з 11.05.2011 па 14.05.2011 г. Прысуд быў абвешчаны 16.05.2011 г.
Справу разглядала суддзя Жанна Брысіна, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Жукоўскі, абарону абвінавачаных ажыццяўлялі адвакаты Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Вадзім Мушынскі, Людміла Чычыкава, Ганна Бахціна.
Усе трое абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Павел Севярынец знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ з 20.12.2010 г. Сяргей Марцалеў пад вартай з 23.12.2010 г. Ірына Халіп раней знаходзілася пад вартай, аднак мера стрымання ёй была змененая на хатні арышт. С. Марцалеў і І. Халіп раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся, П. Севярынец у 2005 г. быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Шляхам выкарыстання амністыі тэрмін быў зменшаны на адзін год. 22.05.2007 г. ён быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.
І. Халіп і П. Севярынец віну не прызналі, С. Марцалеў віну прызнаў цалкам. На пытанне судзі, ці давярае ёй разгляд крымінальнай справы, П. Севярынец адказаў, што не давярае судовай сістэме Беларусі ў цэлым з-за яе скрайне залежнасці. П. Севярынец назваў судовую сістэму савецкай і несправядлівай, а сваю крымінальную справу палітычна матываванай. Суддзі Жанне Брысінай П. Севярынец заявіў адвод. Суддзя ўдалілася ў пакой для вырашэння заяўленага хадайніцтва, а затым зачытала вызначэнне суда аб незадавальненні заяўленага адводу, паколькі такі адвод не быў матываваны П. Севярынцам у адпаведнасці з нормамі КПК.
Судовы працэс распачаты. Абаронца П. Севярынца заяўляе хадайніцтва аб выкліку і допыце ў судовым паседжанні шэрагу сведак і перадае суду спіс з прозвішчамі сведак.
Абаронца І. Халіп заяўляе шэраг хадайніцтваў, сярод якіх хадайніцтва разгледзець у судовым працэсе шэраг міжнародных прэмій і ўзнагародаў расійскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх арганізацый, якія адзначылі І. Халіп у сувязі з яе журналісцкай дзейнасцю; далучыць да пісьмовых матэрыялаў справы характэрыстыку І. Халіп з месца працы –рэдакцыі расійскага выдання “Новая газета”. Затым адвакат зачытала пісьмовае хадайніцтва аб змене меры стрымання І. Халіп. Па меркаванні адваката такая мера стрымання як хатні арышт з’яўляецца неабгрунтавана жорсткай і нічым не матываванай. І. Халіп забаронена карыстацца сродкамі сувязі (у тым ліку пісаць і адсылаць лісты), мець стасункі з іншымі людзьмі, акрамя блізкіх сваякоў, выходзіць на вуліцу. У кватэры І. Халіп стала знаходзяцца супрацоўнікі КДБ, што адмоўна ўплывае на псіхіку яе чатырохгадовага сына. Акрамя таго ўсе клопаты па забеспячэнні І. Халіп і яе малалетняга сына (набыццё прадуктаў харчавання і г.д.) кладзецца на яе састарэлых бацькоў, якія самі маюць патрэбу ў дапамозе. Між тым падставамі для абрання меры стрымання з’яўляюцца аб’ектыўныя дадзеныя аб тым, што абвінавачаны можа працягнуць злачынную дзейнасць, ці ўплываць на ўдзельнікаў судовага працэсу, ці схавацца ад органаў крымінальнага пераследу. На думку адвакатаў следствам не прыведзена хаця б аднаго факта, які б аб гэтым сведчыў. Таму адвакат прасіла меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту, абраную судом для І. Халіп, замяніць на абавязацельства аб яўцы.
Пракурор запярэчыў заяўленым адвакатамі хадайніцтвам. На яго думку няма неабходнасці выклікаць дадатковых сведкаў і апытваць іх у судзе, паколькі яны не дапытваліся на этапе папярэдняга следства. Мера стрымання ў дачыненні да І. Халіп, па меркаванні дзяржабвінаваўцы, абраная з улікам патрабаванняў КПК і асобы абвінавачанай. Следства ўлічыла абставіны наяўнасці на ўтрыманні І. Халіп малалетняга дзіцяці падчас замены меры стрымання з утрымання пад вартай у СІЗА на хатні арышт. Разглядаць узнагароды перад пачаткам судовага следства ён не бачыць сэнсу. Пракурор палічыў магчымым задаволіць толькі адно хадайніцтва – аб далучэнні да пісьмовых матэрыялаў справы пісьмовай характырыстыкі І. Халіп з месца працы.
Адвакат П. Севярынца, у сваю чаргу, запярэчыў пракурору і адзначыў, што суд не можа адмовіць у хадайніцтве аб выкліку сведкаў, калі яўка іх у суд забяспечана. Адвакат зазначыў, што гэта абавязак суда.
Суддзя пастанавіла задаволіць усе заяўленыя хадайніцтвы, акрамя хадайніцтва аб змене меры стрымання І. Халіп. Суддзя адзначыла, што мера стрымання абарана ў адпаведнасці з нормамі КПК і раней была працягнутая судом да чэрвеня 2011 г.
Суд распачаў судовае следства. Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае абвінавачанне.
Абвінавачанне
Згодна з абвінавачаннем, С. Марцалеў, з’яўляючыся кіраўніком выбарчага штабу кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Мікалая Статкевіча, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта арганізаваў і прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Гэтыя дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый. Так, 5 снежня 2010 г. С. Марцалеў як давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь М. Статкевіча выступіў па дзяржаўным радыё і падчас выступу заклікаў грамадзянаў прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 19.12.2010 г. Гэта было зроблена ў парушэнне патрабаванняў арт. 5 і 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах (у часцы патрабавання аб неабходнасці падачы заяўкі за 15 дзён да пачатку планаванага мерапрыемства ў Мінгарвыканкам), а таксама п.1, 2 Рашэння Мінгарвыканкама № 1302 (у частцы забароны на правядзенне масавых мерапрыемстваў, акрамя тых, што праводзяцца паводле рашэнняў дзяржаўных органаў, на пл. Кастрычніцкай у г. Мінску). С. Марцалеў запрашаў на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якое заведама цягне парушэнне грамадскага парадку. Таксама С. Марцалеў прымаў удзел у вырабе тэксту выступаў аб недэмакратычнасці выбарчага працэсу. Ведаючы аб незаконным характары масавага мерапрыемства, С. Марцалеў прыбыў 19.12.2010 г. на Кастрычніцкую пл. г. Мінска каля 19:00. Не чакаючы рашэння ЦВК аб выніках прэзідэнцкіх выбараў, сумесна з іншымі асобамі арганізаваў і прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый. Затым, дайшоўшы да перакрыжавання з вул. Энгельса, выразіўшы адкрытую адмову на законныя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ сыйсці на тратуар, працягваў рухацца па праезжай частцы пр. Незалежнасці. Пры гэтым натоўп груба парушаў грамадскі парадак: выкрыкваў лозунгі, крычаў і свісцеў, чым парушыў працу ўстановаў і арганізацый. Так, Мінскі метрапалітэн зачыніў дзве станцыі метро (Кастрычніцкую і Купалаўскую), рэстаран “Макдональдс” спыніў сваю працу, у Палацы прафсаюзаў спынілі працу гурткі, якія аказвалі паслугі на платнай аснове, на 52 хвіліны быў спынены рух грамадскага транспарту па пр. Незалежнасці. У выніку дадзеных незаконных дзеянняў шэрагу прадпрыемстваў была нанесеная матэрыяльная шкода, у тым ліку, у выглядзе згубленай выгады. У справе ёсць даведкі прадпрыемстваў аб атрыманай шкодзе. Так, рэстаран “Макдональдс” заявіў аб тым, што страты склалі 8 000 000 рублёў у выглядзе згубленай выгады, “Мінсктранс” - 152 000 рублёў, ПП “Канапацкі” - 250 000. Такім чынам, сваімі дзеяннямі С. Марцалеў здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь.
Павел Севярынец, з’яўляючыся даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віталя Рымашэўскага, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта арганізаваў і прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Гэтыя дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый. У Мінску і іншых населеных пунуктах краіны падчас сустрэчаў з выбаршчыкамі заклікаў грамадзянаў прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 19.12.2010 г. Гэта было зроблена ў парушэнне патрабаванняў арт.5 і 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах (у частцы патрабавання аб неабходнасці падачы заяўкі за 15 дзён да пачатку планаванага мерапрыемства ў Мінгарвыканкам), а таксама п.1, 2 Рашэння Мінгарвыканкама № 1302 (у частцы забароны на правядзенне масавых мерапрыемстваў, акрамя тых, што праводзяцца паводле рашэнняў дзяржаўных органаў, на пл. Кастрычніцкай у г. Мінску). У ходзе гэтых сустрэчаў распаўсюджваліся друкаваныя матэрыялы, у якіх выкарыстоўваліся надуманыя высновы аб недэмакратычнасці прэзідэнцкіх выбараў. Ведаючы аб незаконным характары масавага мерапрыемства, прыбыў на сустрэчу на прыватнай кватэры па вул. Ульянаўскай і з іншымі асобамі адправіўся на прывакзальную плошчу, адкуль у складзе групы асобаў рушыў да Кастрычніцкай плошчы. На плошчы П. Севярынец, выказваючы загадзя незаконныя патрабаванні, выказваючы непадпарадкаванне супрацоўнікам ДАІ, выйшаў на праезжую частку пр. Незалежнасці, дэманструючы асабісты прыклад іншым грамадзянам, ішоў па праезжай частцы праспекта да перакрыжавання з вул. Энгельса, выразіўшы адкрытую адмову на законныя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ сыйсці на тратуар, працягваў рухацца па праезжай часцы пр. Незалежнасці. Пры гэтым натоўп груба парушаў грамадскі парадак: выкрыкваў лозунгі, крычаў і свісцеў, чым парушыў працу ўстановаў і арганізацый.
Ірына Халіп, з’яўляючыся даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта арганізавала і прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Гэтыя дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый. Так, І. Халіп 06.12.2010 г. і 16.12.2010 г., знаходзячыся на пл. Свабоды ў г. Мінску, парушыўшы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” і рашэнне Мінгарвыканкама № 1302, неаднаразова заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое загадзя вядзе да парушэння грамадскага парадку, будучы інфармаванай аб афіцыйным пісмовым папярэджанні аб недапушчэнні парушэння закона, якое было вынесена Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь кандыдату ў Прэзідэты А. Саннікаву. 19.12.2010 г. прыбыла на пл. Кастрычніцкую і затым, дэманструючы іншым свой прыклад, выйшла на праезжую частку пр. Незалежнасці ў забароненым для пераходу пешаходамі месцы, чым парушыла працу грамадскага, службовага і асабістага аўтатранспарту. На перакрыжаванні з вул. Энгельса, адкрыта выказаўшы непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў ДАІ вызваліць праезжую частку і сыйсці на тратуар, ішла ў накірунку пл. Незалежнасці, ўцягваючы за сабой іншых. Дзеянні І. Халіп стварылі перашкоды ў працы ўстановаў, арганізацый, прывялі да спынення транспарту на 52 гадзіны.
На пытанне суддзі аб стаўленні да прад’яўленага абвінавачання абвінавачаныя адказалі:
Сяргей Марцалеў – віну прызнаў цалкам.
Павел Севярынец – віну не прызнаў.
Ірына Халіп – віну не прызнала.
Допыт абвінавачаных
У сваіх паказаннях С. Марцалеў суду паказаў, што да прыезда ў Беларусь у сакавіку 2010 г. навучаўся ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча у г. Познань (Польшча), дзе завяршаў працу над магістарскай працай. Пракурор падрабязна высвятляе ў Марцалева крыніцы яго існавання, дзе і за кошт чаго ён пражываў. Марцалеў адказвае, што жыў у сваёй кватэры і супрацоўнічаў з шэрагам СМІ, якія выплочвалі яму ганарары за шэраг публікацыяў. З М. Статкевічам знаёмы з 1996 года, але з 2000 г. стасункаў не падтрымліваў. Калі сустрэўся са Статкевічам па прыездзе ў Мінск, той прапанаваў яму супрацоўнічаць падчас выбарчай кампаніі, на якой М. Статкевіч збіраўся вылучацца ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты. Гэта адбылося за дзень да рэгістрацыі кандыдатаў у ЦВК. С. Марцалеў пагадзіўся ўзначаліць выбарчы штаб кандыдата М. Статкевіча. С. Марцалеў распавёў суду аб сваіх функцыях у штабе. Ён быў адказны за выраб буклета кандыдата, падрыхтоўку тэзісаў яго перадвыбарчай праграмы. Праграма была падрыхтаваная С. Марцалевым і перададзеная для друку ў дзяржаўных СМІ ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым ён толькі выказваў парады і ўлічваў тэзісы М. Статкевіча, апошняе слова было заўсёды за ім. Таксама С. Марцалеў пасля рэгістрацыі М. Статкевіча кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь быў афіцыйна зарэгістраваны ЦВК у якасці даверанай асобы кандыдата. У рыхтаваных ім дакументах заклікаў да ўдзелу ў мітынгу 19.12.2010 г. на Кастрычніцкай плошчы ў г. Мінску не было. Аб наяўнасці такіх заклікаў ён даведаўся з выступаў іншых кандыдатаў у СМІ.
Як давераная асоба С. Марцалеў адзін раз прыняў удзел у радыёвыступе 05.12.2010 г. Напрыканцы выступу па радыё С. Марцалеў запрасіў радыёслухачоў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу ў г. Мінску 19.12.2010 г. На пытанне пракурора, ці прадбачыў С. Марцалеў наступствы, якія маглі мець месца пры правядзенні такога сходу, С. Марцалеў адказаў, што мерапрыемства было прымеркавана да выбараў і што ён прадбачыў, што людзі могуць прыйсці на такі сход. Іншых, акрамя мірных мэтаў, вынікаў такога сходу С. Марцалеў не прадбачыў. Наступстваў, якія следства кваліфікавала як масавыя беспарадкі, ён прадбачыць не мог. На момант радыёвыступу ён не ведаў, ці падаваў хто-небудзь з арганізатараў заяўку на правядзенне мітынгу, але меркаваў, што гэта будзе ўзгадняцца паміж уладамі і арганізатарамі. Аб тым, што правядзенне масавага мерапрыемства не было дазволена ўладамі, даведаўся са СМІ. С. Марцалеў планаваў прыняць удзел у гэтым сходзе і абмяркоўваў магчымыя варыянты развіцця падзеяў з М. Статкевічам. Апошні адказаў, што планаваць нешта немагчыма, бо ўлады могуць унесці у планы свае карэктывы, перакрыць доступ да пл. Кастрычніцкай наогул, і ў такім разе давядзецца збірацца ў нейкіх іншых месцах. У ходзе сустрэчы са Статкевічам Марцалеў сказаў апошняму, што ў яго будуць вынікі экзітпулаў і ён перадасць іх кандыдату. С. Марцалеў быў упэўнены, што такія вынкі яму перадасць польская тэлекампанія БЕЛСАТ. З 15:00 да 18:00 19 снежня М. Статкевіч знаходзіўся ў кватэры С. Марцалева, адкуль яны пайшлі на сустрэчу з кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Някляевым. З штабу У. Някляева сумесна з яго прыхільнікамі рушылі ў кірунку Кастрычніцкай плошчы. На вул. Калектарнай шлях дэманстрантам перагарадзілі машыны ДАІ, супрацоўнікі міліцыі патрабавалі прад’явіць для агляду аўтафургон кампаніі У. Някляева, у якім было гукаўзмацняльнае абсталяванне.Затым невядомыя асобы ў чорнай вопратцы і са спецсродкамі ў колькасці 25-30 чалавек напалі на ўсіх прысутных, збівалі іх, прымушалі класціся на снег тварам уніз, закідвалі прысутных гукашумавымі гранатамі. С. Марцалеў быў аглушаны адной з такіх гарнат, упаў на зямлю. Калі падняўся, ўбачыў, што кандыдат у Прэзідэты У. Някляеў ляжыць у крыві на снезе ў непрытомным стане. Яго занеслі ў будынак. С. Марцалеў самастойна, адзін пайшоў далей на Кастрычніцкую плошчу, на якой зноўку пабачыў М. Статкевіча. С. Марцалеў стаяў на плошчы на прыступках. На плошчы была вельмі вялікая канцэнтрацыя людзей, каля 40 тысяч чалавек. Умоваў для правядзення сходу на Кастрычніцкай плошчы не было: напалову плошча была заліта пад каток. З усталяванага тэлеэкрана гучала гучная музыка. На ўдакладняючыя пытанні адваката С. Марцалеў сказаў, што прызнае, што выйшаў на презжую частку праспекта, што падчас вытсупу па радыё прызваў людзей на сход і што свядома прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. На пытанне, чаму ён гэта зрабіў, адказаў, што, па-першае, гэта адпавядала яго палітычным перакананням, па-другое, ён быў даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь М. Статкевіча, а, па-трэцяе, адчуваў маральную адказнасць перад тымі людзьмі, якіх ён заклікаў выйсці на плошчу.
Свае паказанні, дадзеныя падчас следства, С. Марцалеў лічыць паслядоўнымі, супадаючымі з дадзенымі ў судзе. На пытанне, чаму на папярэднім следстве С. Марцалеў прызнаў віну, а ў судзе фактычна яе не прызнаў, С. Марцалеў адказаў, што ён не юрыст і яму цяжка было самому кваліфікаваць свае дзеянні.
Ірына Халіп - журналіст расійскага выдання “Новая газета” і радыёстанцыі “Эхо Москвы”.
Растлумачыла, што ва ўсім падтрымлівае свайго мужа Андрэя Саннікава і таму вырашыла прыняць удзел у яго выбарчай кампаніі. Была сябрам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а затым, пасля рэгістрацыі А. Саннікава ў якасці кандыдата, была зарэгістраваная ў якасці яго даверанай асобы. Пра акцыю 19-га снежня даведалася 01.12.2010 г. з эфіру тэлебачання, з выступаў іншых кандыдатаў. 6-га снежня была сустрэча з выбаршчыкамі на прывакзальнай плошчы, а таксама 16-га - на пл. Свабоды. І. Халіп кажа, што там выступала, але не казала канкрэтна пра Кастрычніцкую плошчу. Па словах І. Халіп, яна выказала там сваё меркаванне аб тым, што выбары будуць сфальсіфікаваныя і наўпрост не заклікала выйсці на плошчу. І. Халіп кажа, што выказвала меркванне аб дзеючым прэзідэнце, паколькі ён быў таксама адным з кандыдатаў, якія балатаваліся на выбарах, і ў адпаведнасці з арт. 45 ВК яна мела права абмярковаўць яго кандыдатуру, яго дзелавыя і іншыя якасці, агітаваць як за так і супраць яго. І. Халіп таксама спасылалася на Канстытуцыю Беларусі, якая гарантуе грамадзянам свабоду мірных сходаў.
На Кастрычніцкую плошчу 19.12.2010 г. прыбыла з дому. На плошчы яна паднялася на прыступкі Дома прафсаюзаў, паколькі адтуль было добра бачна, колькі людзей прыйшло на плошчу. Сама не выступала і ў выступы іншых выступоўцаў не ўслухоўвалася.
Пасля таго, як прагучала чыясьці прапанова ісці на перамовы з Урадам, вырашылі ісці на пл. Незалежнасці. І. Халіп, узяўшчы пад руку свайго мужа і кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Саннікава, выйшла на праезжую частку пр. Незалежнасці. На перакрыжаванні праспекта з вул. Энгельса былі перамовы з ДАІ. Пакуль яны адбываліся, людзі абыйшлі ланцуг з супрацоўнікаў ДАІ з двух бакоў і працягнулі рухацца па праспекце далей. І. Халіп не адмаўляе, што ўдзельнічала ў дыялогу з кіраўніцтвам ДАІ. Менавіта тое, што супрацоўнікі ДАІ далі магчымасць людзям прайсці па праезжай частцы праспекта, на думку І. Халіп, абумовіла мірны характар акцыі. Па тратуарах прайсці ў той дзень было немагчыма, усе людзі там не змяшчаліся з-за вялікай колькасці дэманстрантаў. Нягледзячы на тое, што звязаны з далейшымі падзеямі эпізод не ўваходзіў у прад’яўленае ўсім тром абвінавачанне, пракурор задаваў пытанні адносна гэтах падзеяў. І. Халіп патлумачыла, што стаяла каля помніка Леніна і чула, што нехта пачаў біць шкло. Хто біў, яна не бачыла. Затым з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, А. Саннікаў быў моцна збіты, ляжаў на зямлі з пашкоджанай нагой. Яна разам з сябрамі падняла яго і, пасадзіўшы ў машыну, павезла яго ў 6-ю бальніцу г. Мінска. І.Халіп вяла рэпартаж для радыё ў прамым эфіры. У раёне пл. Перамогі машыну прыціснулі да ўзбочыны, выцягнулі з яе ўсіх прысутных і пачалі жорстка збіваць. Пры гэтым ніхто не прадстаўляўся, не называў прычынаў затрымання. Збівалі, хаця ніхто не аказваў ніякага супраціву.
І. Халіп лічыць абвінавачанне абсурдным. На пытанне пракурора, ці ведала яна аб тым, што за заклікі прыйсці на плошчу Генеральная пракуратура выносіла яе мужу А. Саннікаву афіцыйнае папярэджанне, адказала, што не ведала. Усе 40 тысяч удзельнікаў ішлі добраахвотна, усе скандавалі “Жыве Беларусь!”. Лічыць, што міліцыя была абавязаная забяспечыць бяспеку грамадзянаў. Вінаватай сабе не лічыць, хаця і прызнае, што ішла па праезжай частцы.
Павел Севярынец скарыстаўся сваім правам не даваць паказанні ў судзе.
Паказанні сведак
Першымі ў працэсе былі дапытаныя сведкі з боку абвінавачання. Супрацоўнікі ДАІ ГУУС Мінгарвыканкаму Каралькоў, М. Чарнабай, Д. Кіслоў, А. Даненкоў, А. Стаброўскі, А. Дуброўскі, І. Шмаркоўскі, І. Сульжыц. Сведка начальнік ДАІ Карзюк у суд не з’явіўся ў сувязі з тым, што хварэў. Абаронца Халіп настойвала на яўцы Карзюка і яго допыце, аднак суд не задаволіў яе хадайніцтва.
Усе пералічаныя вышэй асобы 19.12.2010 г. былі задзейнічаныя на мерапрыемствах па ахове грамадскага пардку і бяспецы руху транспарта пры правядзенні масавага мерапрыемства. Калі людзі пачалі выходзіць на праезжую частку, яны спрабавалі вярнуць іх на тратуары. Аднак, калі гэта не атрымалася, пачалі прымаць меры па арганізацыі аб’езду аўтатранспарту ў мэтах недапушчэння ДТЗ і няшчасных выпадкаў. На перакрыжаванні вул. Энгельса і пр. Незалежнасці паступіла каманада зноўку выстраіцца ланцужком і перагарадзіць прашпект, перакрыўшы такім чынам шлях дэманстрантам. Да іх падыйшлі некалькі чалавек, сярод якіх былі кандыдаты ў Прэзідэнты М. Статкевіч, Дз. Ус, А. Саннікаў, а таксама І. Халіп. Яны размаўлялі з начальнікам ДАІ Карзюком. Дадзеныя асобы ўгаворвалі яго прапусціць людзей і не ствараць небяспекі для здароўя грамадзян. Большасць апытаных указала, што людзі ўсё адно абыйшлі па баках ланцуг міліцыі і працягнулі рух далей. Затым ім паступіў загад зняцца і перадыслацыравацца, паколькі ніякага сэнсу ў іх стаянні далей ўжо не было. Ніхто з апытаных не ўказваў на гвалтоўныя дзеянні дэманстрантаў у дачыненні да іх і на тое, што ў руках яны бачылі нейкія прадметы, як жалезныя пруты, палкі, бутэлькі. Людзі трымалі сцягі, плакаты, выкрыквалі лозунгі “Сыходзь!” і “Жыве Беларусь!”.
Таксама па ініцыятыве абвінавачання ў судзе былі дапытаныя некалькі сведкаў, якія працавалі кіроўцамі аўтобусаў, маршруты якіх праходзілі ў раёне правядзення шэсця 19.12.2010 г., і іншыя асобы.
Некалькі сведкаў з боку абароны, сябры БХД, не былі дапытаныя судом, паколькі ў папярэднія дні судовага працэсу прысутнічалі ў залі судовага паседжання.
Суддзя не задаволіла хадайніцтва аб выкліку ў суд і допыце прадстаўнкоў шэрагу прадпрыемстваў, даведкі аб матэрыяльных стратах якіх знаходзяцца ў справе: прадстаўнікоў рэстарана “Макдональдс”, ПП “Канапацкі”, “Мінсктранса”, метрапалітэна.
Пісьмовыя матэрыялы справы
У пісьмовых матэрыялах справы фігуравалі пратаколы агляду месца здарэння – пл. Незалежнасці, якія былі праведзеныя ўначы і ўдзень 20.12.2010 г.
Значную частку матэрыялаў складалі відэадыскі з запісам падзеяў 19.12.2010 г. Самы першы дыск, агледжаны ў судовым працэсе, уяўляў сабой журналісцкі рэпартаж дзяржаўнага тэлеканала ОНТ, зняты па падзеях 19 снежня.
Затым дэманстравалася відэа, на якім бачна, як І. Халіп размаўляла з супрацоўнікам ДАІ у групе з іншымі кандыдатамі і прасіла дазволіць рух людзей па праезжай частцы. Частка відэаматэырялу прысвечаная П. Севярынцу, дзе ён зняты на прыступках пл. Кастрычніцкай, калі прамаўляе ў мегафон, пры гэтым ніякіх заклікаў ён не робіць, а канстатуе факт таго, што прыйшло шмат людзей. Асобна дэманструецца перададзены КДБ запіс, зроблены падчас сустрэчы з выбаршчыкамі П. Севярынца, якія распавядае пра праграму БХД і адказвае на пытанні выбаршчыкаў. Напрыканцы размовы ён заклікае прыйсці 19-га на мірны сход на пл. Незалежнасці.
Сярод матэрыялаў справы - даведкі разнастайных установаў аб панесеных стратах з-за праведзенай дэманстрацыі. Гэта фірмы-перавозчыкі, “Макдональдс”, пункт абмена валюты (спыніў працу з кліентамі на гадзіну раней, паколькі зачыніўся ўнівермаг “Цэнтральны”, у якім ён размяшчаецца), “Мінсктранс” і інш.
Пры гэтым заяўлены толькі адзін грамадзянскі іск аб спагнанні панесеных стратаў –ад “Мінсктранса” на суму 159 475 рублёў (пагашаны асуджаным Дз. Бандарэнкам). Астатнія прадпрыемствы і ўстановы грамадзянскія іскі не прад’яўлялі і не прымалі мераў па спагнанні дадзеных сродкаў.
У справе
фігуруюць раздрукоўкі тэлефонных размоваў. І.Халіп кажа: “Я лічу, што выбары пройдуць,
як звычайна, што будуць напісаныя патрэбныя вынікі, што пратэстныя настроі
ў грамадстве, неабходна
выходзіць на плошчу”.
Адвакатка пратэстуе, што пракурор зачытвае толькі тыя часткі, дзе Ірына негатыўна выказваецца пра ўладу
і хаду выбараў, але не зачытвае пра тое, што Ірына кажа, чаго дамагаюцца людзі, у якой сітуацыі яны жывуць, што людзі
не жадаюць гвалту, а хочуць рэалізоўваць свае правы.
Судовыя спрэчкі
Пракурор у сваёй прамове адзначыў, што віна ўсіх трох у здзяйсненні інкрымінаванага ім злачынства цалкам даказаная паказаннямі сведкаў, відэаматэрыяламі, пісьмовымі матэрыяламі па справе.
Па меркаванні пракурора, усе трое ведалі аб незаконным характары масавага мерапрыемства, заклікалі прыняць у ім удзел, самі непасрэдна, свядома прынялі ў ім удзел.
Правядзенне дадзенай дэманстрацыі прывяло да спынення працы грамадскага транспарту, стварыла перашкоды для дзейнасці шэрагу прадпрыемстваў і нанесла ім шкоду.
Пракурор прапанаваў пакараць П. Севярынца 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, С. Марцалева - 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на 2 гады, І. Халіп - 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на 2 гады.
Абаронцы лічаць віну сваіх падабаронных недаказанай. Выхад на праезжую частку не з’яўляецца крымінальным злачынствам. Адвакаты ўказваюць на мірны характар дэманстрацыі і тое, што падчас яе не было пагрозы грамадскаму парадку, жыццю і здароўю іншых грамадзян. Адакаты адзначылі, што няма тлумачэнняў, чаму такія прадпрыемствы, як “Макдональдс”, абменны пункт у будынку ўніверсаму “Цэнтральны” зачыніліся, паколькі ніякіх беспарадкаў не адбывалася. Тлумачэнні пра небяспеку — надуманыя.
Прысуд
Суд прызнаў П. Севярынца, С. Марцалева, І. Халіп вінаватымі ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 і прыгаварыў:
П. Севярынца – да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.
С. Марцалева – да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.
І. Халіп – да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.
Усім асуджаным залічыць час знаходжання пад вартай у тэрмін пакарання (у выпадку з П. Севярынцам адзін дзень знаходжання пад вартай лічыць як два дні адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).