«Белая Русь» у Маладэчне ўжо гатова да парламенцкіх выбараў
Пакуль палітычныя аналітыкі мяркуюць аб тым, ці ператворыцца нарэшце “Белая Русь” у палітычную партыю, яе актывісты паведамлюць, што арганізацыя для гэтага гатова і фактычна ўжо з’яўляецца грамадска-палітычным рухам. Пра гэта, а таксама пра тое, што “Белая Русь” ужо пачала рыхтавацца да парламенцкіх выбараў 2012 года, у мясцовай прэсе распавёў старшыня Маладзечанская раённай арганізацыі “Белая Русь” Анатоль Асманаў.
Маладэчанская “Белая Русь” з’яўляецца трэцяй у краіне па колькасці членаў. Асаблівай актыўнасцю гэта грамадская арганізацыя адзначаецца падчас выбарчых кампаніяў: “беларусаўцы” становяцца назіральнікамі, прадстаўнікамі ўчастковых камісій і, канечне, кандыдатамі, а потым, са 100% вынікам, дэпутатамі. Так, на апошніх выбарах у складзе амаль усіх участковых камісій былі прадстаўнікі гэтай “галоўнай грамадскай арганізацыі”, а сярод сарака дэпутатаў раённага Савета дваццаць чатыры – прадстаўнікі “Белай Русі”.
Па меркаванні мясцовых актывістаў, тое, што “Белая Русь” ужо пачала размову пра выбары, азначае, што і на гэты раз арганізацыя збіраецца стаць самай прадстаўнічай як у складзе выбарчых органаў, так і сярод народных абраннікаў. Падобна на тое, што і цяперашні дэпутат парламента, прадстаўнік прэзідыўма Мінскай абласной арганізацыі “Белая Русь”, будзе балатавацца зноў, з прадказальным вынікам.
“Праваабарончая хроніка”