viasna on patreon

Як выжываюць пазбаўленыя працы апазіцыянеры ў рэгіёнах

2011 2011-05-19T14:53:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karankevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валерый Каранкевіч, каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” па ўсходняму рэгіёну Магілёўшчыны, старшыня Хоцімскай раённай суполкі Партыі БНФ, ужо некалькі год выжывае толькі за кошт сваёй асабістай падсобнай гаспадаркі.

Спадар Каранкевіч, - асоба ў Хоцімскім раёне вядомая і аўтарытэтная. У свой час ён працаваў намеснікам старшыні мясцовага райвыканкама па сельскай гаспадарцы, кіраваў адным з мясцовых калгасаў. Вось ужо некалькі гадоў Валерый Каранкевіч не можа знайсці працу ў раёне, адным з кіраўнікоў якога ён з’яўляўся не так даўно.

- Выжываць, безумоўна, вельмі цяжка, - распавядае Валерый Каранкевіч. - Добра, што ў мяне нядрэнная асабістая падсобная гаспадарка: пчолы, бульба, сад, - таму магу неяк выкручвацца. Вось зараз наступілі цёплыя дні, прадаю на хоцімскім міні-рынку сваю прадукцыю. Мне ж выжываць неяк трэба, а людзі купляюць з задавальненнем, бо ведаюць, што мой тавар, яблыкі, яйкі, гародніна і г. д., - танны і якасны. Дрэнна, канешне, што сучасныя мясцовыя ўлады прывялі наш міні-рынак у проста жудасны стан, але што зробіш, людзі ўсё роўна гандлююць. Некаторыя пакупнікі мяне “падколваюць”, - дзе ж, Валера, твой чамадан з грашыма, які табе плацяць “праклятыя заходнікі” за тваю апазіцыйную дзейнасць, пра што пастаянна распавядаюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Аднак я не крыўджуся, бо думаю, што ўсе мае землякі выдатна разумеюць, колькі ў гэтых словах праўды.

На працу ў родным раёне спадар Каранкевіч не можа ўладкавацца ўжо даволі даўно, бо мясцовыя ўлады кажуць, што змогуць прадаставіць яму працоўнае месца толькі пасля таго, як ён адмовіцца ад сваіх апазіцыйных поглядаў. Аднак рабіць ён гэта не збіраецца.

- У мяне ёсць уласныя рукі і галава, як-небудзь пражыву. Але ні ў якім выпадку не буду маўкліва назіраць, да якога жудаснага стану вядуць сучасныя беларускія ўлады нашу родную краіну, -кажа Валерый Каранкевіч.

Валерый Каранкевіч актыўна займаецца праваабарончай дзейнасцю, ён заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу жыхарам Хоцімскага раёна ў вырашэнні праблемных пытанняў. Не так даўно ён здолеў адраадзіць выпуск мясцовай маланакладнай газеты “Беларускі ўсход”  і стаў членам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства