viasna on patreon

На прадпрыемстве, дзе працаваў адзін з абвінавачаных у мінскім тэракце, мяняюць кіраўніцтва

2011 2011-05-24T08:09:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vitebskzavod-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цалкам ці часткова будзе звольнена  адміністрацыя Віцебскага завода трактарных запчастак, пакуль невядома. Але па выніках праверкі, якая праводзілася  пасля падзеяў 11 красавіка, “ на заводзе выяўлены сур’ёзныя недахопы у ідэалагічнай, выхаваўчай, інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце, у кадравай службе”. Цікава, што праца ў гэтых накірунках яшчэ год таму лічылася выдатнай і пра яе ўхвальна пісалі на старонках дзяржаўнай газеты “Віцьбічы”.

 

Паводле паведамленьня БЕЛТА, у Мінску праходзіла калегія Міністэрства прамысловасці з удзелам Віцебскага аблвыканкаму і Першамайскага раёну Віцебска, на тэрыторыі якога знаходзіцца  завод трактарных запчастак, які вырабляе запчаткі да трактараў “Беларусь”.

 

 Абмяркоўваліся праблемы, якія выявіла праверка: на прадпрыемстве, у прывактнасці, кепска выконвалі Дырэктыву №1 “Аб захадах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. І было прызнана, што “прычынай шматлікіх парушэнняў стаў нізкі ўзровень арганізацыі працы кіраўніцтва і галоўных спецыялістаў завода”. Замест звольненых прадстаўнікоў адміністрацыі Міністэрства прамысловасці збіраецца адшукаць новыя “ініцыятыўныя кіраўнічыя кадры, здольныя забяспечыць устойлівае развіццё прадпрыемства”.

 

Праверка на прадпрыемстве распачалася пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сілавыя структуры затрымалі арганізатараў выбуху ў мінскім метро праз суткі пасля здарэння, а вось на прадпрыемствах, дзе яны даўней працавалі,  іх “праглядзелі”. Напярэдадні праверкі адміністрацыя забараніла супрацоўнікам распавядаць журналістам пра свайго супрацоўніка, затрыманага у Мінску, і пафарбавала галоўны корпус прадпрыемства. Але – не дапамагло…

 

Між тым, год таму, у красавіку 2010 году,  мясцовая газета “Віцьбічы”надрукавала артыкул  “Горячие деньки завода тракторных запчастей”, дзе і працоўная дзейнасць ахарактарызавана як вельмі паспяховая, і выхаваўчая з ідэалагічнай – не горшая. “Не толькі за паспяховую працоўную дзейнасць можна адзначыць дадзенае прадпрыемства. Тут думаюць і клапоцяцца пра калектыў. Людзі адчуваюць і цэняць гэта. Так ужо склалася, што ўладкаваўшыся на гэта прадпрыемства, спецыялісты прыводзілі на завод сваіх родных, утвараліся працоўныя дынастыі, якія і цяпер з’яўляюцца гонарам прадпрыемства”, -- пісала дзяржаўная газета за год да трагедыі і мінскім метро.

 

“Адзін з хлопцаў, які зараз знаходзіцца ў мінскім ізалятары КДБ, сапраўды працаваў у нас слесарам. Я не хачу называць яго прозвішча, а таксама паведамляць сваё. Бо пра наш завод і так у Віцебску ходзяць кепскія чуткі: што адсюль і жалязякі розныя выносілі, якімі потым “бомбы начынялі”, і што выбухоўку тут знаходзілі ў шафах для адзення, у якіх рабочыя пераапраналіся… Адно, у чум сумнявацца не выпадае, -- дык што начальства наша разагналі пасля таго, як Лукашэнка па тэлевізары сказаў, што дрэнныя кіраўнікі не разгледзелі злачынцаў…Яшчэ не вядома, ці сапраўды тыя хлопцы вінаватыя – суду ж не было! А кіраўніцтва ўжо звольнілі і шукаюць новае”, -- на ўмовах ананімнасці адкаментаваў сітуацыю  работнік прадпрыемства. 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства