"Малады Фронт" распачынае кампанію па зборы беларускамоўнай літаратуры для беларускіх следчых ізалятараў і турмаў
Калі раней маладафронтаўцы меліся займацца праблемаю выхавання дзетак з
дзіцячых дамоў на грунце нацыянальнай ідэі, дык у цяперашняй сітуацыі мы
вымушаныя памяняць ракурс і падтрымаць палітвязняў.
Суды за Плошчу-2010 амаль скончаныя, і
хутка ўсіх бязвінна асуджаных развязуць па калоніях на невядомы тэрмін. Чым мы
можам дапамагчы нашым братам у гэтым выпрабаванні? Сярод звычайных адказаў накшталт
пісання лістоў і арганізацыі акцый салідарнасці мы знаходзім і новы - перадача
ў СІЗА і калоніі беларускамоўнай і духоўнай літаратуры. Вядома, што сучасныя
беларускія турмы не могуць пахвастацца добрымі бібліятэкамі, і многім вязням у
вольны ад працаў час застаецца здавольвацца нізкаякаснымі раманамі па каханне
ці міліцэйскія разборкі. Відавочна, такая літаратура не спрыяе духоваму
развіццю чалавека, не дае падтрымкі і надзеі вязням у складаны перыяд іх жыцця.
Вы можаце паспрыяць таму, каб вязні ў турмах чыталі не эратычныя раманы, а
Караткевіча; каб абмяркоўвалі ў камерах не адносіны паміж "ментамі" і
"браткамі", але рэвалюцыю Кастуся Каліноўскага!:)
Перадайце кнігу на беларускай мове ці на духовую тэматыку нам, а мы падрыхтуем
невялікія бібліятэкі для ўсіх калоній, дзе будуць адбываць пакаранні
палітвязні, і адвязем туды кнігі!
Каб перадаць кнігу, патэлефануйце на
нумар +375297814223 (Кася) альбо напішыце на е-мэйл press.mfront@gmail.com
Будзьма салідарнымі!