viasna on patreon

Праваабаронца Павел Левінаў апытаны “па адміністрацыйнай справе Аляксандра Лукашэнкі”

2011 2011-05-25T15:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

“Пакуль такой справы няма, -- кажа спадар Левінаў. – Але я напісаў у міліцыю заяву, каб яе распачалі”. Гаворка ў ёй ідзе наконт  прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які публічна абразіў  старшыню Еўракамісіі,  заявіўшы падчас візіту ў г.Нароўлю 26 красавіка гэтага году:  “што тычыцца такіх казлоў, як  Баррозу…”

Паводле даручэння начальніка Нараўлянскага ГАУС  Паўла Левінава апытаў участковы інспектар Першамайскага РАУС Віцебску Аляксандар Лісічонак. Праваабаронца напісаў заяву ў тую структуру МУС, на тэрыторыі якой адбыўся інцыдэнт.

“Пытанняў да мяне ў начальніка Нараўлянскага ГАУС  аказалася ўсяго два: адкуль мне стала вядома пра выказванне Аляксандра Лукашэнкі і ці з’яўляецца Жазэ Мануэль Баррозу службовай  асобай Рэспублікі Беларусь. На першае я адказаў, што чуў пра выказванні  на адрас Баррозу  ад многіх людзей і сам бачыў выступ Аляксандра Лукашэнкі ў тэлепраграме. Чаму паўстала пытанне пра тое, ці з’яўляецца прадстаўнік уплывовай міжнароднай структуры беларускім службоўцам, мне ўвогуле незразумела.  Хіба прыцягнуць да адказнасці за абразу можна толькі таго, хто абразіў кагосці з  беларускіх  чыноўнікаў або супрацоўнікаў міліцыі?”

У якасці прыкладу падобнай адміністрацыйнай справы Павел Левінаў  спасылаецца на рашэнне Чыгуначнага райсуду г. Віцебска. У жніўні 2010 году суддзя Уладзіслаў Шыкароў пакараў прадстаўніка газеты “Витебский курьер” Віктара Рамнёва якраз за слова “казёл”, нібыта сказанае на адрас супрацоўніка міліцыі, прызнаўшы яго абразай,  якая прыніжае гонар і годнасць асобы, выказаную ў непрыстойнай форме.

Віктара Рамнёва, якога і кансультаваў Павал Левінаў, пакаралі штрафам  у 25 базавых велічынь. Прычым ні суддзя Віцебскага абласнога суда І. Смалякова, ні намеснік старшыні Вярхоўнага суда У.Калінковіч  не знайшлі падставаў для аспрэчвання гэтага судовага рашэння. Таму праваабаронца лічыць, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка таксама можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае выказванне.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства