viasna on patreon

У раёнах скарацілі пасажырскія маршруты: як старым даехаць да бальніцы?

2011 2011-05-26T11:45:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sastarelyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім і Круглянскім раёнах Магілёўскай вобласці мясцовыя райвыканкамы па хадайніцтве адміністрацый аўтапаркаў адмянілі рух аўтобусаў па цэлым шэрагу прыгарадных пасажырскіх маршрутаў. Рашэнні прымаліся ў мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў і грашовых сродкаў аўтапаркаў. Пад скарачэнне трапілі маршруты, “абслугоўванне якіх перавышае выкананне сацыяльных стандартаў і акупляльнасць уласнымі даходамі ніжэй 70 працэнтаў”. Зразумела, што ў першую чаргу былі скарочаны аўтобусныя маршруты да маланаселеных вёсак, дзе жывуць практычна адны састарэлыя пенсіянеры.

У прыватнасці, у Бялыніцкім раёне з 10 траўня адменены і скарочаны дзесяць рэйсаў на тыдзень па сямі аўтобусных маршрутах.

Гаворыць 76 гадовая пенсіянерка з вёскі Сямікаўка (25 кіламетраў ад Бялынічаў), у якой пражывае 18 чалавек, і ўсе яны пенсіянеры, Марыя:

-          Звычайна я ў сераду, калі была такая патрэба, ехала ў Бялынічы ў бальніцу, старая ж ужо, хварэю часта. Зараз аўтобус ужо не будзе хадзіць, можна дабрацца да Бялыніч у будны дзень толькі ў панядзелак, а там і так усе з вёсак у бальніцу едуць, паўсюдна вялізныя чэргі. Наогул,тут  усім нам з навакольных вёсак нашмат цяжэй стане. Жывуць жа ў іх у асноўным адны старыя, у некаторых засталося па 5 чалавек. Раней хоць часцей можна было ў Бялынічы выехаць людзей пабачыць, а зараз і гэтага не будзе. Калі працавалі, тады мы былі патрэбны, а зараз мы ўжо нікому не трэба…

Яшчэ больш маштабнае скарачэнне руху аўтобусаў па прыгарадным пасажырскім маршрутам адбылося ў Круглянскім раёне. Там з 18 траўня адменена і скарочана каля дваццаці рэйсаў на тыдзень па дзесяці аўтобусных маршрутах. І, таксама як і ў Бялыніцкім раёне, гэтае скарачэнне ў першую чаргу закранула невялікія вёсачкі, у якіх жывуць састарэлыя пенсіянеры, якім ужо далёка за семдзесят…

Вось так клапоцяцца аб пажылых людзях у “сацыяльнаарыентаванай” дзяржаве, - “моцнай, квітнеючай” Беларусі…  

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства