Бягомльскія ветэраны абураюцца ўспамінамі земляка і палохаюць журналіста Камітэтам дзяржбяспекі
Ветэранская арганізацыя мястэчка Бягомль, што ў Докшыцкім раёне, сабралася на пазачарговы сход пасля публікацыі на мясцовым рэгіянальным сайце ўспамінаў старажылы Канстанціна Гайдука. Спадар Гайдук, на іхную думку, непаважна адазваўся пра партызанскі рух. Калі журналіст К.Шыталь вырашыў выслухаць аргументы ветэранаў, яны прыгразіліся выклікаць супрацоўніка КДБ.
Успаміны 80-гадовага Канстанціна Гайдука прагучалі ў эфіры Радыё Свабода, а потым былі размешчаны на рэгіянальным сайце заходняй Віцебшчыны. Спадар Гайдук казаў, што ягоныя сваякі былі ў партызанскім атрадзе, якім кіравала “ вярхушка — самыя зладзеі і прайдзісветы”, бо “калі прыйшлі ў Бягомль партызаны, была наладжана масавая разня людзей цывільных”.
Кастусь Шыталь, журналіст незалежнага сайту www.westki.info , каментуе сітуацыю так:
“Канстанцін Гайдук не распавёў нічога незвычайнага - партызаны, як вядома са шматлікіх успамінаў, таксама забівалі мірных людзей - як "падазраваных" у сувязях з немцамі, ці проста зводзячы асабістыя рахункі… Наогул, вайна была больш складаная і больш трагічная, чым афіцыйная версія яе гісторыі. Беларусы апынуліся паміж двух варагуючых бакоў. Другая Сусветная вайна для беларусаў была ў пэўным сэнсе вайной грамадзянскай, вайной, якая не ўпісваецца ў простую схему “свае – чужыя” ці “добрыя – кепскія”.
Але ў мясцовых ветэранаў – іншая пазіцыя. Калі спадар Шыталь вырашыў высветліць, што іх так абурыла ва ўспамінах земляка, старшыня Бягомльскай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Герасімёнак заявіў: “Я б вас пасадзіў усіх за краты. Ведаю шмат гадоў Гайдука Косцю, ён мой равеснік. Не хочацца губляць нервы і адказваць на вашы гнюснасці. Прыедзьце, я з вамі паразмаўляю ў прысутнасці супрацоўніка КДБ”.
“Бягомльскія ветэраны не прывялі фактаў, якія могуць абвергнуць словы Канстанціна Гайдука. Толькі выказалі абурэнне “спробамі перапісаць, фальсіфікаваць нашу гісторыю, прынізіць гераізм савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”, -- кажа Кастусь Шыталь.
Як стала вядома журналісту, ветэраны Бягомлю збіраюцца звярнуцца ў рэдакцыю Докшыцкай раённый газеты “Родныя вытокі”, каб публічна выказаць сваю нязгоду са зместам інтэрв’ю і меркаваннямі Канстанціна Гайдука.
“Праваабарончая хроніка”