Алег Кудрачоў: я проста хацеў уратаваць хлопца
Госьць “Начной Свабоды” – мянчук Алег Кудрачоў, якога людзі на вуліцы абаранілі ад зьбіцьця міліцыянтамі і цяпер сабралі грошы на выплату вялікага штрафу.
Ганна Соўсь
Соўсь: Ці не падалося вам, што тое, што адбылося, сталася своеасаблівай рэакцыяй людзей на палітычныя рэпрэсіі пасьля выбараў, рэакцыяй на эканамічны крызіс, і міліцыянты ў дадзеным выпадку разглядаліся як прадстаўнікі агрэсіўнай ўлады?
Кудрачоў: Так, так. Так, відаць, і было. Хоць такім чынам людзі выказалі незадавальненьне той сытуацыяй, якая цяпер у краіне.
Соўсь: І тое, што цяпер у інтэрнэце пракацілася хваля салідарнасьці з вамі, людзі выказваюць словы падтрымкі, пачалі зьбіраць грошы...
Кудрачоў: Так, у мяне ляжыць капэрта, там напісана сума... Ну і ў пакеце... На штраф з гакам хапае. Астатнія грошы пойдуць у фонды, бо іх шмат. Трэба выбраць нейкі...
Соўсь: У які фонд вы думаеце перадаць грошы?
Кудрачоў: Нейкі фонд дапамогі хворым дзецям. Вельмі шмат дзяцей, якія патрабуюць дапамогі.
Соўсь: А што казалі вам людзі, калі прыносілі грошы?
Кудрачоў: Казалі словы падтрымкі, з усьмешкамі. Нават такі невялікі мітынг адбыўся імправізаваны, воплескі былі. Людзі вельмі прыязна рэагуюць, і я на сёмым небе.
Соўсь: А раней у вас былі такія выпадкі, калі вы за некага заступаліся?
Кудрачоў: Тыдні два таму быў такі ж выпадак зь дзяўчынай. Там дзяўчына яўна не дабіла талён. Яны выйшлі на прыпынку. Я таксама заступіўся за яе. Я наогул стараюся заступацца за людзей, бо гэта прапісана ў маім знаку задыяка.
Соўсь: Чым вы займаецеся, дзе працуеце?
Кудрачоў: Я афіцыйна не працую. У мяне праграма па вадзе. Вада пасьля ўстаноўкі развозіцца па тэрыторыі Менску, людзі яе ўжываюць і папраўляюць здароўе.
Соўсь: Ці цікавіцеся вы палітыкай?
Кудрачоў: Тут палітыкай не цікавіцца нельга. Вы ж бачыце, што адбываецца. Вядома, кожны па-свойму. У нас сытуацыя зразумела якая. І кожны павінен рэагаваць на падзеі.
Соўсь: Вы кажаце, што маеце абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Ці былі вы 19 сьнежня на Плошчы?
Кудрачоў: 19-га ня быў, але пасьля, у наступных падзеях, удзел я браў. Калі б цяпер гэта адбывалася, то і я буду дзейнічаць інакш.
Соўсь: Сёньня А. Лукашэнка заявіў, што яму сорамна за беларускі народ, які скупае рэчы ў крамах, і што трэба закрыць замежныя СМІ, якія неналежным чынам асьвятляюць крызісную сытуацыю. Што вы пра гэта думаеце?
Кудрачоў: Тут трэба азірнуцца назад і зразумець, чаму так адбылося. Калі паглядзім у корань, тады зразумеем, хто мае рацыю, і хто вінаваты. Людзі дзейнічаюць, сыходзячы з сытуацыі, а ня так, як трэба дзейнічаць. А сытуацыя ня надта прыемная.
Соўсь: Як бы вы назвалі свой учынак, калі вы заступіліся за студэнта? Гэта геройства або проста неабыякавасьць?
Кудрачоў: Цяжка сказаць. Хай ацэнку даюць іншыя. Мне цяжка нешта казаць на гэты конт. У кожным выпадку, гэта дапамога у складанай сытуацыі. Хацеў хлопца ўратаваць, вось і ўсё. Каб там быў нейкі іншы хлопец, які б лаяўся ці яшчэ што, то я б не адрэагаваў так.
Соўсь: А тое, што людзі выявілі салідарнасьць з вамі?
Кудрачоў: Ну гэта неапісальна. Я не знаходжу словаў. Такі эфэкт... Бярэ за жывое. Трапілі мы туды, куды трэба. Таму і людзі так адрэагавалі. Тут сабралася, напэўна, усё – і праезд дарагі, і ўлады, і падзеі ў Беларусі... Усё ў адно.