Статкевіч-старэйшы спадзяецца дачакацца сына
28 траўня ў Баранавічах грамадскія актывісты наведалі Віктара Паўлавіча Статкевіча, які жыве адзін у паўночным мікрараёне гэтага горада. Старшыня Баранавіцкай Рады “Таварыства беларускай мовы” Віктар Сырыца адзначае, што прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый горада з’яўляюцца частымі гасцямі Статкевіча-старэйшага, але пасля такога жорсткага прысуду Мікалаю Статкевічу яны былі проста абавязаны маральна падтрымаць бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты.
Спачатку Віктар Сырыца, Валер Пратасевіч і Анжэла Камбалава далучыліся да гутаркі, якую Статкевіч-старэйшы вёў са сваімі суседзямі па пад’езду, затым размова працягнулася ў кватэры. Найперш размова ішла пра жорсткія прысуды Мікалаю Статкевічу і астатнім удзельнікам падзей 19 снежня, закраналіся пытанні і цяжкага цяперашняга сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне. В.П. Статкевіч, нягледзячы на свае 84 гады, чытае “Народную волю” і добра разбіраецца ў грамадска-палітычным жыцці. Ён яшчэ раней казаў, што ягонаму сыну прысуд будзе самы жорсткі.
Але В.П. Статкевіч спадзяецца на Бога і добрых людзей і вельмі верыць, што дачакаецца свайго сына на волі.
“Праваабарончая хроніка”