viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (23-29 траўня)

2011 2011-05-30T13:23:04+0300 2018-11-22T16:07:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вынесены 7 новых прысудаў па справе аб массавых беспарадках: экс-прэзідэнты М. Статкевіч і Дз. Ус зняволеныя на 6 і 5, 5 гадоў адпаведна, А. Класкоўскі – на 5 гадоў, Дзмітры Буланаў – на 3, Аляксандр Квяткевіч – на 3 з паловай, Арцём Грыбкоў – на 4 гады. Андрэй Пазняк вызвалены ў зале суду, ён асуджаны на  2 гады "хіміі"  без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Старшыні ўправы Радыё Рацыя Яўгену Вапу пры перасячэнні польска-беларускай мяжы беларускія памежнікі без тлумачэння прычынаў анулявалі візу. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 7 удзельнікаў міжнароднага круглага стала, прысвечанага пытанням рэфармавання сістэмы МУС, сярод якіх было 4 праваабаронцы. Лукашэнка запатрабаваў закрыць СМІ, якія “нагнятаюць ажыятаж” на спажывецкім і валютным рынку.

 

Палітычна матываваныя крымінальныя справы

26 траўня суддзя Ленінскага райсуду сталіцы Людміла Грачова, з-за хваробы якой адкладалася абвяшчэнне прысуду, вынесла пакаранне двум экс-кандыдатам у прэзідэнты і яшчэ пяці ўдзельнікам Плошчы-2010, абвінавачаным у массавых беспарадках. Мікола Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітры Ус – на 5 з паловай гадоў, былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі – на 5 г.,  Дзмітры Буланаў - 3 гады, Аляксандр Квяткевіч – 3 з паловай, Арцём Грыбкоў - 4 гады. Андрэй Пазняк вызвалены ў зале суду, ён асуджаны толькі на  2 гады "хіміі" без накіравання ў папраўчыя ўстановы. 

Беларускія суды правялі ўжо 13 працэсаў за Плошчу. Асудзілі 43 чалавек, з іх 30 атрымалі розныя тэрміны турэмнага зняволення. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнаюць асуджаных за Плошчу вязнямі сумлення і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення. За пераслед апазіцыі беларускія ўлады жорстка скрытыкаваў камісар Савета Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг, які заявіў, што Беларусь не адпавядае патрабаванням для ўступлення ў гэтую еўрапейскую арганізацыю.

 

Парушэнне права на свабоду слова 

23 траўня беларускія памежныя службы анулявалі Яўгену Вапу – старшыні ўправы Радыё Рацыя і галоўнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», уязную візу. З нагоды яе анулявання МЗС Польшчы і Управа Радыё Рацыя прынялі заявы, у якіх расцэньваюць падобныя дзеянні як абмежаванне доступу грамадзян да незалежнай інфармацыі ў часе, калі ў Беларусі паглыбляецца гаспадарчы крызіс і працягваюцца рэпрэсіі супраць апазіцыі. Кіраўніцтва міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры бяз межаў” выказалі занепакоенасць дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні да Я.Вапы. 

24 мая стала вядома, што крымінальная справа супраць карэспандэнта польскай «Газэты выборчай», актывіста непрызнанага СПБ Андрэя Пачобута перададзена ў Ленінскі райсуд Гародні, па месцы ягонага жыхарства. Справу будзе весці суддзя Віталь Ляцко. Дата разгляду пакуль невядомая. Журналіста па-ранейшаму ўтрымліваюць у следчым ізалятары турмы № 1. Галоўныя рэдактары больш за 40 польскіх СМІ падпісалі заяву, у якой выказалі пратэст супраць незаконнага зняволення А.Пачобута.

27 траўня каля будынку абласной пракуратуры ў Гародні за спробу запісаць відэаінтэрв’ю з жонкай свайго зняволенага калегі Аксанай Пачобут былі затрыманыя двое незалежных журналістаў — Ян Роман і Андрэй Фралоў. З іх узялі пісьмовыя тлумачэнні і адпусцілі, папярэдзіўшы, што здымкі каля «рэжымных» аб’ектаў, якімі з’яўляюцца пракуратура і суд, можна рабіць толькі пасля атрымання адпаведнага дазволу.

27 мая на нарадзе па бягучай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку А.Лукашэнка загадаў спыніць працу шэрагу замежных СМІ, у тым ліку расійскіх. Іх абвінавацілі ў правакаванні эканамічнага крызісу. Спроба афіцыйнага Менску забараніць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі расійскіх СМІ можа каштаваць яму крэдыту з Стабілізацыйнага фонду ЕўрАзЭс.

Карэспандэнта недзяржаўнай газеты “Intex-Press” Руслана Равяку не пусцілі на паседжанне  Баранавіцкага гарадскога савета дэпутатаў, матывуючы тым, што яно пазачарговае і закрытае.

 

Пераслед праваабаронцаў

24 траўня ў офіс Беларускага Хельсінскага камітэту ў Менску прыйшла праверка з падатковай інспекцыі, каб апісаць маёмасць арганізацыі. Згодна з законам, канфіскаваць у праваабаронцаў няма чаго, бо памяшканне пад офіс яны арандуюць, рахункі даўно заблакаваныя і ніякай маёмасці не маюць. Канфлікт паміж БХК і падатковай інспекцыяй цягнецца каля 5 гадоў і мае палітычны характар. 

28 траўня ў Сядзібе БНФ  у рамках "Народнай праграмы" мусіў адбыцца круглы стол на тэму рэфармавання Міністэрства ўнутраных справаў.  Аднак, правядзенню мерапрыемства перашкодзілі якраз супрацоўнікі міліцыі. У выніку ў Савецкі РУУС былі дастаўленыя сямёра правабаронцаў і экспертаў: памочнік прэзідэнта па правах чалавека Вадзім Півавараў (Украіна), прадстаўніца польскага Хельсінскага фонду Вольга Саламатава (Расія), старшыня Асацыяцыі украінскіх манітораў па правах чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў Алег Мартыненка і выкладчыца Харкаўскага універсітэту ўнутраных справаў Ала Благая (Украіна), старшыня БХК Алег Гулак, журналістка газеты “Салідарнасць” Людміла Ісакава і былы міністр працы Аляксандр Сасноў (Беларусь). Затрыманых папярэдзілі пра недапушчэнне парушэння заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і адпусьцілі без складання пратаколаў.

Берасцейскаму праваабаронцу Раману Кісляку адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць старэйшага інспектара -дзяжурнага Ленінскага РАУС Берасця Івана Каліты. У афіцыйным лісце за подпісам следчага абласной пракуратуры Дзямідчыка паведамляецца, што трое супрацоўнікаў міліцыі, якія сталі сведкамі інцыдэнту, не падцвердзілі факт ужывання фізічнай сілы іх калегам падчас спробы прымусовай дактыласкапіі. На медыцынскую даведку аб пашкоджанні кісці следчы наогул не звярнуў увагі.

 

Затрыманні і  адміністрацыйныя пакаранні

26 траўня ў цэнтры Менску быў затрыманы юрыст пратэстанцкай суполкі “Новае жыццё” Сяргей Луканін, які чытаў Біблію. У пастарунку Цэнтральнага раёну супрацоўнікі міліцыі склалі на яго адміністрацыйны пратакол за правядзенне несанкцыянаванага сходу. 

26 траўня двойчы за дзень быў затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь Андрэй Молчан. Як стала вядома правабаронцам, Андрэя Молчана схапілі, прыкавалі да батарэі кайданкамі і сталі дапытвацца, дзе знаходзіцца ягоны сябра Аляксандр Валанцэвіч. Таксама ў яго забралі пашпарт і мабільны тэлефон. Акрамя А. Молчана затрыманымі ў Маскоўскім РУУС аказаліся актывісты Андрэй Бажын і Даніла Ганчароў

З-за прэвентыўнага затрымання арганізатара акцыі "Стоп-бензін" Арцёма Шаркова, які быў дастаўлены на гутарку ў апорны пункт Фрунзенскага РУУС, акцыя супраць чарговага падвышэння коштаў на паліва адбылася ня ў поўным фармаце.

Інтэрнэт-карыстальнікі сабралі 1 млн 300 тыс. руб. для менчука Алега Кудрачова, які быў аштрафаваны судом на 30 б.в. (700 тыс. руб.) за супраціў міліцыянтам пасля таго, як заступіўся за студэнта-безбілетніка. Інцыдэнт з Кудрачовым, калі яго жорстка затрымліваюць два міліцыянты, а жанчыны спрабуюць яго абараніць, стаў шырока вядомым дзякуючы відэа, выкладзенаму ў інтэрнэце.

 

Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі

Даверанай асобе былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава палітвязню Дзмітрыю Бандарэнку, прыгаворанаму да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, неабходна аперацыя, інакш ён можа стаць нерухомым.

29 траўня пасля адбыцця 15-суткавага арышту з ізалятару на Акрэсціна вызвалены намеснік старшыні “Маладога Фронту” Мікола Дземідзенка. Увесь тэрмін знаходжання за кратамі ён трымаў галадоўку. Нягледзячы на неаднаразовыя звароты па медычную дапамогу, адміністрацыя установы мела пісьмовае прадпісанне не адпускаць актывіста ў шпіталь нават з лекарамі хуткай дапамогі.

 

Абмежаванні права на свабоду асацыяцый 

Галоўнае ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню “Магілёўскі цэнтр стратэгічнага развіцця “Імпульс”. 

27 траўня ў Баранавічах адбыўся пікет супраць адмовы ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “Кабзар”, якое аб’ядноўвае баранавіцкіх беларусаў украінскага паходжання. Ініцыятарам пікету стаў мясцовы прадпрымальнік, старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнні арганізацыі Мікалай Чарнавус. Такім чынам ён вырашыў прыцягнуць увагу грамадскасці і ўладаў горада да праблемы нерэгістрацыі арганізацыі Брэсцкім ўпраўленнем юстыцыі.

 

Абмежаванні права на свабоду мірных сходаў

27 траўня ў цэнтры Менску каля сямідзесяці ўдзельнікаў на роварах арганізавалі веламарш у цэнтры гораду. Чарговая акцыя ініцыятывы “Крытычная маса” была жорстка разагнаная міліцыяй. Іх спынілі супрацоўнікі ДАІ каля пад’езду да плошчы Перамогі. Агулам у Цэнтральны РУУС Менска было дастаўлена каля 15 чалавек.

 

Праваабарончая хроніка

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства