ПАРЭ асудзіла палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі
"У сувязі з цкаваньнем палітычных
апанэнтаў і палітычнымі судамі над імі, а таксама працягам абмежаваньняў у
галіне свабоды слова і сходаў – сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі
пагаршаецца і застаецца крыніцай моцнай занепакоенасьці". З такой заявай
выступіла сёньня дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ)
Сініка Хурскайнэн.
На пасяджэньні Палітычнага камітэту ПАРЭ Хурскайнэн зрабіла даклад аб найноўшых
палітычна матываваных судах і рэпрэсіях супраць праваабаронцаў і недзяржаўных
СМІ ў Беларусі. "Жорсткімі турэмнымі пакараньнямі, пагрозамі закрыць
незалежныя газэты і цкаваньнем праваабаронцаў беларускія ўлады хранічна не
датрымліваюць стандартаў рады Эўропы што да дэмакратыі, правоў чалавека і
вяршэнства закону", -- заявіла яна.
Паліткамітэт ПАРЭ рашуча асудзіў працяг перасьледу палітычных апанэнтаў уладаў
РБ і заклікаў вызваліць усіх палітвязьняў. Падчас летняй сэсіі ПАРЭ (22-24
чэрвеня), камітэт правядзе абмен меркаваньнямі адносна сытуацыі ў Беларусі з
прадстаўнікамі мясцовай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, з
наданьнем асаблівай увагі палітычна матываваным судам і парлямэнцкім выбарам 2012
году ў краіне.
Зважаючы на існую сытуацыю, у якой знаходзяцца незарэгістраваныя арганізацыі ў
Беларусі, Паліткамітэт вырашыў зьвярнуцца да "Эўрапейскай камісіі па
дэмакратыі праз законнасьць" (Вэнэцыянская камісія) са зваротам ацаніць
артыкул 193-1 крымінальнага кодэксу Беларусі -- аб членстве ў незарэгістраванай
арганізацыі -- на прадмет адпаведнасьці ўнівэрсальным стандартам што да правоў
чалавека.