Гомельскія АДС і БХД дамовіліся супрацоўнічаць у вызваленні палітвязняў
На паседжанні Каардынацыйнай рады Аб'яднаных дэмакратычных сіл Гомельскай вобласці, якое адбылося 1 чэрвеня, была заключана дамова АДС з аргкамітэтам па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Як паведаміў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, дамова аб супрацоўніцтве і прынцыпах працы заключана на вызначаных умовах. Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД дэлегуе у склад Каардынацыйнай рады АДС Гомельскай вобласці прадстаўніка, які мае ўсе паўнамоцтвы члена Каардынацыйнай рады. Рашэнні, прынятыя КС, абавязковыя для выканання удзельнікам дамовы пры ўмове падтрымкі дадзенага рашэння яго прадстаўніком.
«Прынцыповы момант дамовы - АДС і аргкамітэт па стварэнні партыі БХД у Гомельскай вобласці лічаць абавязковай умовай ўдзелу іх прадстаўнікоў у якасці кандыдатаў у дэпутаты ў бліжэйшай палітычнай кампаніі «парламенцкія выбары», вызваленне ў Беларусі ўсіх палітычных зняволеных, а таксама змяненне практыкі правядзення выбарчых кампаніяў: ўключэнне ў склад камісій прапанаваных прадстаўнікоў ад дэмакратычных арганізацый, празрыстасць пры правядзенні працэдуры галасавання і падліку галасоў», - пракаментаваў В.Палякоў.
БХД не з'яўляецца суб'ектам АДС, таму і ўзнікла неабходнасць падпісання такой дамовы.
“Праваабарончая хроніка”