Студэнтцы-назіральніцы адпомсцілі
Тры гады Настасся Занько
была штатным карэспандэнтам дзяржаўнай
газеты “Звязда”. Нараканняў на ейную
працу не было, дый на факультэце
журналістыкі ейная вытворчая практыка
заўсёды ацэньвалася на 10 балаў. Сярэдні
бал дзяўчыны быў 8,45, яна ніколі не мела
праблемаў з залікамі ды іспытамі, здавала
своечасова.
На папярэднім размеркаванні
ў красавіку камісія зацвердзіла заяўку
Занько ў газету “Звязда”, але на
выніковым ёй раптоўна адмовілі. “Для
мяне гэта было абсалютна нечакана, –
распавядае дзяўчына. – Чальцы камісіі
пачалі казаць, што гэта рашэнне
Міністэрства інфармацыі, такая яго
пазіцыя – маўляў, трэба выконваць
дзяржзамову і ехаць у правінцыю. На мае
пытанні камісія спачатку рэагавала
ўгаворамі, аднак пазней мяне прыспешвалі,
аказвалі ціск, каб я выбірала выданне
са спісу. Я ў шокавым стане выбрала
Кобрынь. Гэты запіс у пратакол сакратар
камісіі Святлана Кавалёва зрабіла
алоўкам, дарэчы”.
У рэдакцыі спачатку
ўсе былі моцна ўражаныя і адмаўлялі,
што заяўку адклікалі. Але пазней ад
калегаў Занько даведалася, што рэдактару
Уладзіміру Наркевічу ўсё ж тэлефанавалі.
“Я не займаюся палітычнаю дзейнасцю і
не ўваходжу ні ў якія партыі ці рухі.
Але разам з тым я маю сваю грамадзянскую
пазіцыю, якую я заўсёды свабодна
выказвала”, – прызнаецца дзяўчына.
У
снежні яна пайшла ў назіральнікі на
студэнцкім выбарчым участку ў інтэрнаце,
дзе жыла. Паводле яе, у дзень выбараў на
ўчастак прыязджаў дэкан Сяргей Дубовік.
“Было відаць, што ён здзівіўся, калі
ўбачыў, што сярод незалежных назіральнікаў
ёсць студэнты журфаку. Ён спытаўся ў
нас, ці ёсць парушэнні ў працы камісіі.
Мы абсалютна шчыра адказалі, што парушэнні
ёсць, бо паводле гэтых фактаў складалі
акты. Гэта яму, натуральна, не спадабалася”,
– кажа Настасся.
Апошні месяц яна
ходзіць з установы ва ўстанову, каб
дазнацца праўду – чаму адхілі ейную
заяўку? “Сітуацыя атрымліваецца такая:
дэкан кажа, што гэта было рашэнне
Міністэрства інфармацыі, а Міністэрства
інфармацыі ва ўсім спасылаецца на
рашэнне камісіі. Спадар Праляскоўскі
дадае, што рэдактар самастойна
патэлефанаваў дэкану напярэдадні
размеркавання і сказаў, што адклікае
дакументы. А рэдактар толькі разводзіць
рукамі”, – распавядае студэнтка.
Дзяўчына
спрабавала атрымаць спіс размеркавання
на журфаку, каб паглядзець, каго куды
накіравалі працаваць. “Я рыхтую скаргу
на дзеянні камісіі, і мне гэтая інфармацыя
патрэбная, бо ўскосна я ведаю, што
астатнія імянныя заяўкі ў дзяржаўныя
медыі маім калегам задаволілі.
Аднакурсніка, які вучыцца яшчэ лепш, у
“Звязду” накіравалі, напрыклад. Але з
рэктарату мне прыйшоў адказ: “Гэта
інфармацыя пра прыватнае жыццё, а таму
яе не могуць падаць”.
На меркаванне
юрысткі Святланы Шломы, студэнтцы далі
некарэктны адказ і адмыслова хаваюць
інфармацыю. “Спісы размеркавання ва
ўсіх універсітэтах вісяць на стэндзе
для публічнага прагляду. Гэтая інфармацыя
падаецца ў Міністэрства адукацыі,
Нацыянальны статыстычны камітэт, а ў
выпадку з журфакам – яшчэ і ў Міністэрства
інфармацыі, таму адмова рэктарату
няслушная”, – паведаміла эксперт.
Настасся
Занько складае скаргу паводле адказаў
з Міністэрства адукацыі, рэктарату і
Міністэрства інфармацыі на неправамоцныя
дзеянні камісіі. “Скаргу я накірую ў
Дзяржкантроль, Дэпартамент кантролю
якасці адукацыі, а таксама ў Камітэт
правоў чалавека. Размеркаванне ў прынцыпе
ёсць парушэннем правоў чалавека. Паводле
Канстытуцыі грамадзянам Беларусі
гарантаваная бясплатная адукацыя”, –
кажа дзяўчына.
Пераразмеркавання
ў гэтай справе чакаць не выпадае: і
чальцы камісіі, і рэдактар, і чыноўнікі
працуюць у адной звязцы. Нягледзячы на
гэта, Настасся Занько не думае спыняцца:
“Я не збіраюся камусьці штосьці даказваць
асабіста. Я проста хачу, каб у нашай
краіне выконваліся законы. І толькі. Я
дакладна не ведаю, што стаіць за маім
размеркаваннем, але калі дэкан і ягоныя
калегі мяркуюць, што, адправіўшы мяне
за межы Менску, яны зменяць мае погляды
і грамадзянскую пазіцыю, яны памыляюцца.
Я і надалей буду сумленна працаваць і
свабодна выказваць свае меркаванні,
уласную грамадзянскую пазіцыю”.