Бабруйчане перастаюць верыць дзяржСМІ
Гарадскія СМІ Бабруйска занялі пазіцыю “супакойвання”. У іх не ўбачыш адмоўнай статыстыкі ці аб’ектыўных прагнозаў эканамістаў. Па традыцыі, адны з іх увогуле “захоўваюць нейтралітэт”, іншыя – гнуць сваю лінію. Так, напрыклад, “Коммерческий курьер” у некалькіх апошніх нумарах піша пра тое, як можна выжыць з дапамогай дамарослага імпартазамяшчэння. Маўляў – набывай беларускае і не перажывай. Аднак, варта адзначыць, што пры гэтым газета даволі шмат піша пра праблемы з замежнай валютай і павышэнне коштаў, але вельмі асцярожна.
Рупар гарвыканкама – “Бабруйскае жыццё” быццам бы і ведаць не ведае пра нейкія там праблемы. Па савецку бадзёра яна рапартуе загалоўкамі кшталту “Заробкам расці” ці “Жытло- усім, хто мае патрэбу!” А дэфіцыты і іншыя праблемы супрацоўнікі тлумачаць ідэалагічна правільна - “панікай”.
Тым не менш, бабруйчане ўжо адмаўляюцца верыць афіцыйным СМІ. І калі раней пачуць крытыку ў адрас кіраўніцтва краіны было рэдкасцю, зараз людзі смела выказваюць свае думкі не толькі ў інтэрнэце, але ў пазавіртуальным жыцці. Напрыклад, на гарадскім партале bobr.by раней збіралася даволі памяркоўная публіка, затое зараз каментатары занялі іншую пазіцыю – іранізуюць і крытыкуюць ўлады. Тое ж самае можна пачуць у крамах, грамадскім транспарце, працоўных калектывах.
А ў раёне “Захадны” з’явіліся цікавыя, самаробныя налепкі на прыпыначных пунктах з надпісам “Кошты вышэй, заробкі ніжэй…” Паказальна, што гэта не справа рук мясцовых апазіцыйных партый ці рухаў, а менавіта ініцыятыва нейкіх неабыякавых грамадзянаў…
“Праваабарончая хроніка”