Праваабаронца патрабуе, каб Мінюст пакараў ГА «БРСМ»
Віцебскі праваабаронца, прадстаўнік РПГА «БХК» Павел Левінаў звяртаўся наўпрост на міністра юстыцыі з патрабаваннем пакараць прадзяржаўнае грамадскае аб’яднанне за нестатутнае выкарыстанне назвы. Гэта ўжо другі зварот у Мінюст, бо на першы П.Левінаву адказалі адмовай.
У адказе з Міністэрства юстыцыі, куды праваабаронца звяртаўся з нагоды бесперапынных парушэнняў ГА «БРСМ» у выкарыстанні нестатутнай назвы аб’яднання, напісана, што папярэджанне за гэта вынесена не будзе.
“Напісалі, што кіраўніцтва аб’яднання праінфармавана пра недапушчальнасць парушэнняў, і гэтага дастаткова. З гэтага адказу вынікае, што Мінюст дэманструе падвойныя стандарты ў стаўленні да розных грамадзкіх суполак: незалежнаму аб’яднанню міністэрства даўно б ужо вынесла некалькі папярэджанняў ды звярнулася б у суд з пазовам аб ліквідацыі. Так было з РПГА «БХК», калі Мінюст папярэдзіў аб’яднанне за выкарыстанне няпоўнай назвы у звароце да Спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Г.Кнауль. Але ГА «БРСМ», па ўсім відаць, недатыкальнае аб’яднанне, і таму яго назву можна пісаць як заўгодна: і без двукоссяў, і без указання, што гэта ГА. Іншым -- нельга”, -- каментуе адказ Павел Левінаў.
Праваабаронца сцвярджае, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра залішнюю прыдзірлівасць да пары літар, а пра роўнасць усіх перад законам.
“Праваабарончая хроніка”