viasna on patreon

"Народная Воля" змагаецца і перамагае

2011 2011-06-03T09:16:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

2 чэрвеня "Народная Воля" абскарджвала вызначэньне Вышэйшага гаспадарчага суду ад 27 красавіка — аб прыняцьці да разгляду пазову Міністэрства інфармацыі наконт закрыцьця выданьня. У выніку суд прыбраў некаторыя тэндэнцыйныя фармулёўкі, але пазоў Мінінфарму будзе разглядаць менавіта гэта судовая інстанцыя – Вышэйшы гаспадарчы суд. 

У вызначэньні, падпісаным намесьнікам старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Аляксеем Ягорававы, які прыняў у вытворчасьць пазоў Мінінфарму аб спыненьні выхаду "Народнай Волі", утрымліваліся фармулёўкі кшталту "сыстэматычны характар парушэньняў заканадаўства" з боку газэты,  і тое, што яе далейшы выхад можа "нанесці шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам". Газэта палічыла гэтыя фармулёўкі некарэктнымі, распавёў галоўны рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч:

"Народная Воля" патрабавала, каб фармулёўка, якую вынес у вызначэньні намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Ягораў, была адменена наагул, таму што яна тэндэнцыйная. Калі кіравацца ёю у наступных судовых паседжаньнях, яна можа адразу зьбіваць з панталыку судзьдзяў. Таму што Ягораў як бы ўжо прадвырашыў лёс. Сёньня Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду у складзе трох судзьдзяў разгледзела нашу скаргу і сапраўды скасавала гэту фармулёўку".

Але пры гэтым Касацыйная калегія вырашыла, што справа будзе разглядацца менавіта ў гэтай інстанцыі – Вышэйшым гаспадарчым судзе. На думку намесьніка старшыні Беларускага Хэльсінскага камітэта Гары Паганяйлы,  справа гэта падведамасная Менскаму гарадзкому гаспадарчаму суду. Аднак Мінінфарм адразу ж адрасаваў сваю заяву ў Вышэйшы гаспадарчы суд:

"У гэтым мы бачым пэўнага кшталту парушэньне. Гэта выключае, да прыкладу, магчымасьць у апэляцыйным  парадку абскарджваць рашэньне, калі яно не задаволіць "Народную Волю". Справа ў тым, што рашэньні Вышэйшага гаспадарчага суду, прынятыя па першай інстанцыі, зьяўляюцца канчатковымі, і апэляцыйнаму абскарджваньню і апрэтаставаньню не падлягаюць".

Сама справа будзе разглядацца пазьней. Да таго ж, "Народная Воля" апратэстоўвае яшчэ апошняе папярэджаньне – разгляд пачнецца 10 чэрвеня.Таксама не разгледжана яшчэ і касацыйная скарга па пазову Белтэлерадыёкампаніі да газэты з нагоды артыкулу Сьвятланы Калінкінай "Гаворыць і паказвае Гэбэльс-ТВ".

Юрыст Гары Паганяйла падсумоўвае:

"Так што наперадзе ў нас шмат справаў. Яны ўсе чапляюць адна за адну, залежаць. І мы заявілі хадайніцтва аб прыпыненьні асноўнай справы аб спыненьні выпуску газэты, пакуль ня будуць разгледжаныя гэтыя касацыйныя скаргі. Там што змаганьне ў нас на цэлае лета".

Тым ня менш, 2 чэрвеня "Народная Воля", на думку Іосіфа Сярэдзіча і Гары Паганяйлы, атрымала "маленькую перамогу" — бо калегія Вышэйшага гаспадарчага суду фактычна прызнала тэндэнцыйны падыход некаторых судзьдзяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства