viasna on patreon

Саньнікава накіруюць у Наваполацкую калёнію

2011 2011-06-03T12:34:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Для былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, які знаходзіцца ў СІЗА МУС, вызначылі Наваполацкую калёнію N10, паведаміла агенцтву "Інтэрфакс" адвакат Саньнікава Марына Кавалеўская.
"Калёнія вызначаная, але гэта не значыць, што заўтра яго туды адправяць. Да 6 чэрвеня Андрэй Алегавіч знаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня", - адзначыла адвакат.
Жонка Саньнікава Ірына Халіп паведаміла сайту Хартыя-97, што дадзеная калёнія мае дрэнную рэпутацыю. "Вядома, што гэтая калёнія знаходзіцца ў вельмі кепскім з пункту гледжаньня экалёгіі месцы, акружаная хімічнымі прадпрыемствамі", кажа Халіп. На яе думку, дадзенае рашэньне зьяўляецца "яшчэ адным сродкам ціску на Андрэя, спробай яго зламаць, калі не ў СІЗА, то ў калёніі".
Яна таксама адзначае, што, па словах сваякоў былых зьняволеных, "Наваполацкая калёнія — самае жудаснае месца і з пункту гледжаньня абыходжаньня з зьняволенымі". Пры гэтым І. Халіп падкрэсьліла, што не мае на увазе "нейкі бязьмежжа". "Я маю на увазе, хутчэй, сьляпое прытрымліваньне статуту, рэжыму і гэтак далей. За найменшае парушэньне, спазьненьне на 30 сэкунд зьняволеныя атрымліваюць пакараньні, што робіць нікчэмнымі шанцы на датэрміновае вызваленьне", - адзначае жонка экс-кандыдата. У гэтай калёніі ўжо адбывае пакараньне адзін з удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня Мікіта Ліхавід.
Як раней паведамлялася, адвакаты А. Саньнікава падалі касацыйную скаргу на рашэньне суда, які прызнаў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску і прысудзіў яго да 5 год пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі узмоцненага рэжыму. Ірына Халіп асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства