Гомельская актывістка БХД разлічвае на дапамогу "губернатара"
Сумны прыклад Ірыны Чарняковай з Гомеля яскрава сведчыць, як у Беларусі выконваецца закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў.
Ірына - сірата. Ёй вельмі цяжка хадзіць. Хоць неяк падтрымліваюць Ірыну сябры-аднапартыйцы з аргкамітэту БХД. А вось улады, якія маюць задачу клапаціцца пра дабрабыт народа, у тым ліку і такіх людзей, як Ірына, часта выконваюць свае абавязкі проста для адчэпкі. І не зважаюць на чужы боль.
«Як сірата-інвалід я сем гадоў стаяла ў чарзе на сацыяльнае жыллё. Урэшце, кватэру далі. Але радавацца, на жаль, не было чаму. Мінулую зіму я проста адмучылася. Кватэру далі на першым паверсе маласямейкі, вельмі халодную, з павышанай вільготнасцю. Са шчылін між плінтусамі і падлогай проста ішоў мароз. Да таго ж, кватэра не мае балкона. А для мяне гэта вельмі важна. Бо калі раптам нешта здарыцца, выйсці на балкон і паклікаць мінакоў на дапамогу – мая ледзьве ні адзіная магчымасць уратаваць сваё жыццё. Да таго ж, з-за фізічнага стану я не магу часта выходзіць на вуліцу. І акрамя як на балконе не маю магчымасці больш нідзе элементарна падыхаць свежым паветрам», - распавяла дзяўчына. Натуральна, ёй вельмі неабходна або іншая кватэра, або добры рамонт у гэтым жытле. Іначай актывістка можа проста загінуць.
Куды яна ні пісала скаргі, заявы і просьбы - выніку амаль ніякага. Таму Ірына вырашылася запісацца на асабісты прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка. І вось на днях дзяўчына трапіла на прыём.
«Як мне здалося, "губернатар" увайшоў у маю сітуацыю. Паабяцаў трымаць маё пытанне на кантролі. Сказаў, што калі да наступнага ацяпляльнага сезона сітуацыя не зменіцца, каб я зноў да яго прыйшла», - паведаміла Ірына. Яна ўсё ж спадзяецца, што пасля візіту да галоўнага гомельскага чыноўніка яе пытанне хоць неяк будзе вырашана.
“Праваабарончая хроніка”