Фядуту не пусьцілі ў Вільню
Фрунзенскі суд адмовіў Аляксандру Фядуту ў
магчымасьці выехаць у Вільню для ўдзелу ў навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай
культурнай спадчыне Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта Аляксандар Фядута паведаміў карэспандэнту "Свабоды".
Паводле Фядуты, суд адмовіў на той падставе, што не ўступіў у законную
юрыдычную сілу прысуд, які быў вынесены ўдзельнікам Плошчы, бо абвінавачаныя
падалі касацыйную скаргу.
Аляксандар Фядута атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным
тэрмінам у 2 гады. Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
"Я дрэнна стаўлюся да такіх санкцый, бо не зьбіраўся там займацца ніякай
палітычнай дзейнасьцю, а менавіта навуковай. Тыя паўгода жыцьця, якія ў мяне
адняла ўся гэтая надуманая справа, прымушаюць мяне перанесьці абарону
доктарскай дысэртацыі, бо я не пасьпеў у тэрмін скончыць манаграфію. Па-другое,
я пэўны час, паколькі яшчэ будзе разглядацца і касацыя, не змагу браць удзел у
навуковых канфэрэнцыях, на якія ўжо маю запрашэньні", — сказаў Фядута.