viasna on patreon

Гарадзенскія журналісты не сумняваюцца ў выніку суда над Андрэем Пачобутам

2011 2011-06-07T14:33:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pachobut.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Пачобут, публіцыст і блогер, уласны карэспандэнт выдання Gazeta Wyborcza

Андрэй Пачобут, публіцыст і блогер, уласны карэспандэнт выдання Gazeta Wyborcza

Як ужо паведамлялася 14 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну г. Гродна пачнецца судовы працэс над публіцыстам Андрэем Пачобутам, якога вінавацяць у парушэнні адразу двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь: 368 – частка 1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 367 – частка 1 (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Гарадзенскія калегі Пачобута па журналісцкай дзейнасці дзеляцца сваімі ацэнкамі сітуацыі і прагнозамі на зыход гэтай палітычнай справы. Яны не сумняваюцца ў загадзя вызначаным выніку гэтай судовай справы.

Віктар Парфёненка: “Мяркую, што вольнае слова ў Беларусі мае чарговае выпрабаванне. Суд над Андрэем Пачобутам сведчыць, пра тое, што службы аховы існага рэпрэсіўнага рэжыму робяць тое, што могуць. А могуць яны, згодна з завядзёнкай службы “жалезнага Фэлікса”, толькі запалохваць. Мне здаецца, што атрыбуты цемрашальства і татальнага запалохвання людзей, могуць быць даданы больш страшнымі атрыбутамі. Але мы не павінны баяцца. Хто разумее “Святло праўды”, той заўсёды перамагае. Для гэтага толькі трэба быць салідарнымі з аднадумцамі і вязнямі у першую чаргу”.

Уладзімір Хільмановіч: “Змагацца з журналістамі і іншадумцамі – гэта тое сама, што біць люстэркі за тое, што яны не паказваюць вас прыгажэйшымі, чым вы ёсць насамрэч. Крымінальная справа Пачобута яшчэ раз паказвае ўсю бесперспектыўнасць палітычнай сістэмы, якая склалася зараз у Беларусі. Калі ўлада судзіць публіцыста за вострае слова – гэта азначае, што яна баіцца праўды і не разумее сутнасці сапраўднай журналістыкі. Што ж датычыць самога судовага працэсу, то няма ніякіх падставаў спадзявацца на аб’ектыўны разгляд справы, сумны досвед аналагічных судоў не дазваляе думаць інакш.   

Ян Роман: “Станоўчага зыходу гэтага працэсу чакаць не варта. Калі ўлады вырашылі пасадзіць журналіста за краты і паказаць усім, што незалежная журналістыка – гэта небяспечная справа, якая заўсёды будзе карацца, то яны напэўна здзейсняць тое, што задумалі. Пачобуту пагражае па двух артыкулах ажно чатыры гады турмы, але хочацца спадзявацца, што ён не атрымае гэты максімальны тэрмін. Аднак у тым, што ён будзе засуджаны, сумневу няма. Ці будзе працэс расцягнуты? Цяжка дакладна сцвярджаць, але мяркую, што ўладам невыгодна расцягваць гэтае судовае шоу і яны пастараюцца хутчэй закончыць разгляд справы. Пры тым можна прагназаваць, што хадайніцтвы Пачобута і яго адвакатаў будуць адхіляцца.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства