Мікалая Пахабава адпусцілі з Смалявіцкага РАУС (абноўлена)
Каля дзесяці гадзін раніцы старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Мікалай Пахабаў быў спынены каля Смалявічаў супрацоўнікамі мясцовага ДАІ.
Мікалай Пахабаў ехаў з Менска ў Барысаў на асабістым аўтамабілі. У салоне было некалькі асобнікаў газеты «Наш час», прызначаных для сябраў прафсаюза. Каля дзесяці гадзін раніцы аўтамабіль недалёка ад горада Смалявічы спыніў супрацоўнік Смалявіцкай ДАІ Барсукоў.
Як паведаміў па тэлефоне Пахабаў, Барсукоў спытаў, ці не вязе ён бомбу. Потым убачыў асобнікі газеты і пачаў высвятляць, што гэта за выданне. Пасля гэтага Пахабава правялі ў Смалявіцкі РАУС, дзе ён цяпер і знаходзіцца.
11.30. Мікалай Пахабаў усё яшчэ знаходзіцца ў Смалявіцкім РАУС. На яго складзены пратакол апытання. Як расказаў па тэлефоне прафсаюзны лідэр, смалявіцкія міліцыянты зрабілі агляд салона яго аўтамабіля. Для гэтага запрасілі двух панятых - незнаёмых Мікалаю мужчын. Дакументальных падстаў для агляду прад'яўлена не было. У салоне акрамя асобнікаў газеты «Новы час», знаходзілася 50 улётак «Не агалечванню народа!».
У пратаколе апытання не паказана падстава агляду салона аўтамабіля. Калі Пахабаў звярнуў на гэта ўвагу міліцыянтаў, яму вусна было заяўлена, што «падстава будзе на працягу сутак».
12.35. Мікалая Пахабава адпусцілі з Смалявіцкага РАУС. «Я лічу, што маё затрыманне - спланаваная акцыя, - кажа прафсаюзны лідэр. - У мяне канфіскавалі 50 асобнікаў улётак «Не агалечванню народа!». Лічу, што менавіта гэта і было мэтай майго затрымання ... Улады не хочуць, каб людзі ведалі праўду. Вынік сённяшняга затрыманьня: страчана амаль тры гадзіны майго часу, канфіскаваны ўлёткі, праведзены незаконны дагляд маёй машыны, складзены пратакол апытання. Мяне прымусілі напісаць тлумачальную, у якой я напісаў, што дагляд аўтамабіля вырабляўся беспадстаўна, дакументаў, якія пацвярджаюць правамернасць дагляда ў міліцыі не было. Таксама я напісаў, што пакідаю за сабой права абскардзіць дзеянні Смалявіцкай міліцыі ў вышэйстаячых інстанцыях».
«Праваабарончы хроніка»