У Пінску чарговыя праверкі
Пінск ахапіла чарговая хваля так званых “прэзідэнцкіх праверак”. Гэтым разам кантралёры правяраюць установы аховы здароўя. Пад час праверак прэзідэнцкія камісары праводзяць “кантрольныя замеры” сваечасовасці прыходу і зыходу з працы персаналу пінскіх бальніц. Высвятляюцца прычыны адсутнасці дактароў на працоўных месцах. У якасці прыклада пінчукі чамусці называюць гарадскую радзільню, маўляў, там знайшлі шмат парушэнняў.
І ў чарговы раз людзі распавядаюць аб праверках у крамах. Гэтым разам такая “аблава” адбылася ў пінскім супермаркеце гандлёвай сеткі “АЛМІ”. Людзі ў цывільным спынялі на ўваходзе пакупнікоў і высвятлялі, дзе тыя працуюць і чаму ходзяць на закупы ў працоўны час. Цікава, што гараджане на хаду выдумвалі нейкія адгаворкі, але ж ніхто так і не пацікавіўся, які статус гэтых правяраючых і ці маюць яны паўнамоцтвы спыняць грамадзян і распытваць іх аб асабістым жыцці.
“Праваабарончая хроніка”