viasna on patreon

Беларускія і літоўскія музыкі выступілі супраць візавых абмежаванняў

2011 2011-06-08T14:12:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/novisas.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінску прайшоў круглы стол беларускіх і літоўскіх музыкаў, на якім творцы выказалі сваё стаўленне да візавых абмежаванняў, а таксама абмеркавалі магчымыя шляхі іх пераадолення. У межах дыскусіі была прэзентаваная кампанія “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”. Па словах яе каардынатараў, Беларусь павінна больш актыўна імкнуцца да палягчэння візавага рэжыму з ЕС.

Літоўскія музыкі былі запрошаныя ў сталіцу Беларусі дзеля ўдзелу ў сумесных майстар-класах і канцэрце, што прайшоў у клубе LOFT. Сярод удзельнікаў абмену былі вядомыя літоўскія і ўкраінскія ды-джэі Tomas Fingalick, Vaiper  і Younnat, а таксама беларускія музыкі: i/dex, B cloud, East Soul Person, Nextspace і Deech.

Па словах музыкаў, адна з найбольш непрыемных праблем у справе культурных абменаў – падрыхтоўка запрашэнняў для замежных удзельнікаў сумесных праектаў. Многія арганізацыі, што займаюцца супольнымі культурнымі праектамі, не маюць рэгістрацыі, а таму не могуць афіцыйна запрасіць, напрыклад, літоўскіх альбо польскіх партнёраў у Беларусь. Часта гэта працэдура спалучаная з дадатковымі бюракратычнымі і фінансавымі перашкодамі.

“Просты, звычайны абмен інфармацыяй, досведам, сяброўскія сустрэчы музыкаў, журналістаў, пісьменнікаў ускладненыя візавымі абмежаванні. Хацелася б, каб такія кантакты адбываліся ў першую чаргу на персанальным узроўні, не толькі праз Інтэрнэт”, - лічыць вядомы літоўскі ды-джэй Томас Фінгалік.

“Пасля таго, як Літва ўвайшла ў Шэнгенскую прастору, многія культурныя рэчы пачалі прыходзіць у нашу краіну нашмат хутчэй, нам стала прасцей клікаць да сябе любімых і жаданых гасцей з іншых краін. Ды проста сесці на машыну і паехаць па Еўропе – каму гэтага не хочацца?” – кажа віленскі электронны музыка Vaiper.

“У складзе літоўскага хору хлопчыкаў у мяне атрымалася паездзіць амаль па ўсім свеце, і ў кожную краіну я трапляў без візы. Адзіным выключэннем была Японія”, - кажа літоўскі музыка, які прызнаецца, што баіцца наступны раз не атрымаць беларускую візу. На яго думку, “вельмі часта з абмежаваннямі ўезду сутыкаюцца менавіта тыя людзі, што праяўляюць актыўнасць у падтрымцы іншых”.

На думку ўдзельнікаў стала, не варта баяцца “адкрытых межаў”: іміграваць можна ў любы момант незалежна ад візавых абмежаванняў:

 

“Чалавек мусіць мець права рэалізаваць сябе там, дзе хоча. Чалавек мае права вярнуцца з-за мяжы, але для гэтага яму патрэбна каб там, адкуль ён з’ехаў, была магчымасць для працы крэатыўнай асобы. Калі творчаму чалавеку будзе цікава і добра тут, то ён вернецца”, - упэўнены беларускі культуролаг Максім Жбанкоў.

Па словах Мар’яны Ільіной, каардынатаркі арганізацыі By Watch (Вільня), што ўваходзіць у кааліцыю “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”, спрашчэнне візавых абмежаванняў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам не за гарамі:

“Існуе міф, што адмяніць візы немагчыма. Але гэта не так. Зараз у структурах Еўрасаюза ідуць кансультацыі на прадмет таго, каб спрасціць візавыя абмежаванні для беларусаў. Але для таго, каб гэты праект рухаўся, неабходна, каб людзі ў Беларусі выступалі супраць візавых абмежаванняў. Ведаючы сітуацыю зараз, я вельмі спадзяюся, што ў хуткім часе вы зможаце прыязджаць у Вільню і рабіць уласныя майстар-класы без візавых абмежаванняў”, - кажа М. Ільіна.

Дзякуючы антывізавай кампаніі, што ажыццяўляецца беларускімі і літоўскімі арганізацыямі, нядаўна адбыўся конкурс эсэ на візавую тэматыку, у якім беларусы распавялі ўласныя гісторыя аб тых праблемах, з якімі яны сутыкнуліся ў час атрымання віз. Найлепшае эсэ, прысвечанае цяжкасцям выезду за мяжу інвалідаў, было надрукаванае на партале TUT.BY (http://news.tut.by/kaleidoscope/228880.html). Таксама ў межах кампаніі адбываецца фотаакцыя (https://www.facebook.com/media/set/?set=a.187938214592130.76373.157689807616971) і збор подпісаў пад “Маніфестам”, праз якія кожны чалавек можа заявіць аб сваім стаўленні да візавых перашкодаў.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся:

Мар’яна Ільіна +37067162014

belaruswatch@belaruswatch.org

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства