viasna on patreon

FIDH і “Вясна” патрабуюць спыніць жорсткае абыходжанне і катаванні ў дачыненні да Мікіты Ліхавіда

2011 2011-06-09T10:34:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh-viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуюць спыніць жорсткае абыходжанне і катаванні ў дачыненні палітычнага зняволенага Мікіты Ліхавіда


Парыж-Мінск, 9 чэрвеня 2011 года

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру "Вясна", 21-гадовы Мікіта Ліхавід, які адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады і 6 месяцаў у калоніі ўзмоцненага рэжыму ў г. Наваполацку пасля ўдзелу ў дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску, быў паўторна змешчаны 27 мая 2011 г. у штрафны ізалятар (ШЫЗА). Прычынай змяшчэння М. Ліхавіда ў ШЫЗА стала тое, што, лічачы сябе незаконна асуджаным, ён адмаўляецца падпісваць абавязацельствы аб выкананні патрабаванняў рэжыму і выконваць іх.

Варта нагадаць, што М. Ліхавід 29 сакавіка 2011 года быў асуджаны судом Партызанскага раёна Мінска па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (удзел у масавых беспарадках) да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, сяброўская арганізацыя FIDH ў Беларусі, ажыццяўляў маніторынг судовага разбіральніцтва па справе М. Ліхавіда і прыйшоў да высновы аб тым, што вынесены судом Партызанскага раёна г. Мінска прысуд аб пакаранні М. Ліхавіда 3 гадамі і 6 месяцамі пазбаўлення волі быў незаконным і палітычна матываваным.

Паводле атрыманай інфармацыі, у ШЫЗА Наваполацкай калоніі М. Ліхавід падвяргаецца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажаючаму чалавечую годнасць абыходжанню, што па сутнасці з'яўляецца катаваннямі.

Умовы ўтрымання зняволеных у штрафных ізалятарах Беларусі сталі прадметам рэзкай крытыкі міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый. FIDH таксама звяртала ўвагу на ўмовы ўтрымання зняволеных ў ШЫЗА ў сваім дакладзе аб умовах утрымання ў беларускіх турмах.

Так, у перыяд знаходжання ў ШЫЗА зняволеным не прадастаўляюцца прагулкі, не выдаюцца спальныя прыналежнасці, ім забараняецца ляжаць або сядзець на нарах (нары прыфастрыгоўваюцца ў дзённы час да сцяны), ляжаць на падлозе таксама не дазваляецца. Акрамя таго, зняволеным забараняецца мець пры сабе цёплыя рэчы, пры гэтым тэмпература ў ШЫЗА часта вельмі нізкая. Змешчаныя там асуджаныя фактычна пазбаўленыя сну, адчуваюць пастаянны холад, пастаянна пазбаўленыя доступу да вольнага паветра. Гэтыя ўмовы ўтрымання, відавочна, не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам утрымання зняволеных.

У выпадку з М. Ліхавідам змяшчэнне ў ШЫЗА не можа расцэньвацца інакш як дадатковы інструмент ціску на яго з боку ўладаў Беларусі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем:

- Спыніць жорсткае абыходжанне і катаванні, таксама як і любое іншае псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне ў дачыненні да Мікіты Ліхавіда.

- Спыніць крымінальныя справы супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 г., неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто ўтрымлiваецца пад вартай па гэтай справе, памілаваць або амніставаць ўжо асуджаных і адмяніць любыя наступствы асуджэння (судзімасць і іншыя магчымыя абмежаванні ў правах).

- Прывесці ўмовы ўтрымання асуджаных у штрафных ізалятарах у папраўчых калоніях і турмах у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ўтрымання зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства