У Пінску да нядбайных бацькоў прыставілі шэфаў – мясцовых дэпутатаў
Пра гэта піша газета “Вечерний Брест”. Мясцовыя органы ўлады не могуць даць рады нядбайным бацькам, дзеці якіх знаходзяцца ў інтэрнатах на забяспячэнні дзяржавы. Каб вярнуць гэтых бацькоў на правільны шлях, імі займаюцца аддзел адукацыі, цэнтр занятасці, міліцыя, псіхолагі, аддзелы кадраў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Аднак асацыяльныя бацькі, як правіла, не паддаюцца выхаванню, працягваюць ужываць алкаголь і не ходзяць на знойдзеную для іх працу.
Каб выправіць гэтую сітуацыю, дэпутаты Пінскага гарсавета ўзялі персанальнае шэфства над нядбайнымі бацькамі. Згодна з рашэннем сэсіі гарсавета, кожны дэпутат павінен узяць пад асабістую апеку як мінімум двух такіх гора-бацькоў. Выглядае, што асноўная мэта прынятага рашэння дэпутатаў - прымусіць працаваць сваіх падшэфных, каб з іх заробкаў кампенсаваць выдаткі дзяржавы. Праўда, пінчукі кажуць, што лепей бы ўзялі персанальную апеку над нясчаснымі дзеткамі.
На сённяшні дзень у Пінску зарэгістравана 119 сем’яў, у якіх 195 дзетак знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
“Праваабарончая хроніка”