Выканкамаўская газета маскіруе палітычныя графіці
«Адной з самых набалелых праблем як для работнікаў ЖКГ і
ГАУС, так і для тых, што любяць свой горад жодзінцаў» выканкамаўская газета «Жодзінскія навіны»
называе графіці. Аднак пры гэтым зусім не звязвае іх з'яўленне з адсутнасцю
правоў і свабод у краіне.
Газета Жодзінскага гарвыканкама «Жодзінскія навіны" апублікавала матэрыял
«У каго фарбы больш?». Гаворка ідзе пра графітыстаў, «якія ненавідзяць свой
горад і імкнуцца ўсяляк сапсаваць яго знешні выгляд». Трэба адзначыць, што ў горадзе
вельмі актыўныя моладзевыя арганізацыі, і маладыя актывісты пішуць час ад часу
палітычныя слоганы на сценах дамоў, крамаў, павільёнах і аўтобусных прыпынках. Варта прызнацца, што калі б на
некаторых будынках не напісалі "Свабоду палітвязням!" і іншыя палітычныя лозунгі, якія не згадваюцца ў афіцыйных СМІ, фасады
так і не былі б абноўлены яшчэ невядома колькі часу.
Але выканкамаўская газета не
згадала палітычных графітыстаў ні разу. Гаворка вядзецца пра нейкіх невядомых
графітыстаў-вандалаў. Нават у інфармацыі, прыведзенай намеснікам начальніка
Жодзінскага ГАУС Сяргея Сяўца, пра маладога чалавека і змест графіці, нанесенага на будынак былога Дома быту па вул.
Савецкай у Жодзіне, не
сказана ні слова. А выпадак гучны:
маладафронтаўца Рамана Васільева абвінавацілі ў тым, што ён 11 сакавіка напісаў
на фасадзе былога Дома быту «Саша сыходзь!», цэлую ноч пратрымалі ў міліцыі, а пазней аштрафавалі на 30 базавых
велічынь (1050000 руб.).
Дарэчы, супрацьстаянне моладзі і прыхільнікаў
чысціні сцен працягваецца: аднадумцы Рамана Васільева абнавілі замазаны яшчэ ў сакавіку надпіс «Саша
сыходзь!». Праўда, нядоўга ён пратрымаўся незафарбаваным.
Газета пра гэта не піша.
З артыкула чалавек недасведчаных можа зрабіць адну выснову:
палітычных графітыстаў у
горадзе няма. Ёсць толькі «мазілы»,
якія выпісваюць на сценах «Каця, я цябе люблю!" і іншую лухту, якія ненавідзяць горад і
псуюць яго вонкавы выгляд. Карацей,
не вер вачам сваім ...
«Праваабарончая хроніка»