Рэгіянальныя СМІ не выкарыстоўваюць слова “крызіс”
Дзяржаўныя рэгіянальныя СМІ, відавочна, не любяць праяўляць ініцыятыву ў асвятленні непапулярных дзеянняў уладаў. Звычайна яны чакаюць чарговага агучвання прэзідэнтам афіцыйнага курсу, а потым ужо “інфармуюць” чытачоў.
Так, да апошняга моманту ні смаргонскі “Светлы шлях”, ні “Маладзечанская газета” упарта наогул не заўважалі сітуацыі, якая склалася ў краіне і якая, між іншым, датычыцца таксама і маладэчанцаў са смаргонцамі. І толькі ў апошніх нумарах з’явіліся артыкулы, прысвечаныя “эканамічнай сітуацыі” і “эканамічным рэаліям” (відаць, слова “крызіс” выкарыстоўваць забаронена).
З дапамогай матэрыяла “Новы курс рубля - неабходны элемент праграмы ўрада па стабілізацыі эканомікі” смаргонцы даведаліся, што курс рубля быў зніжаны з-за таго, што “беларуская эканоміка ў першым квартале 2011 года ўпэўнена расла, а даходы ад экспарту істотна павялічыліся”.
Яшчэ чытачоў супакойваюць, што “Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забеспячэння сацабароны грамадзян і недапушчэння скачкападобнага росту цэн”. А пра той самы “скачкападобны рост цэн”, пра які толькі людзі паўсюль і гавораць, больш нічога.
Але складаецца ўражанне, што смаргонскія ўлады ўсё ж знайшлі спосаб выхаду з эканамічнага крызісу: “Будуць кармы, будуць і грошы”. Такі загаловак красуецца на першай старонцы “Светлага шляху”. Змест артыкула – пра спаборніцтва сельскагаспадарчых арганізацый у нарыхтоўцы кармоў.
“Маладзечанская газета” у мінулым нумары дазволіла сабе большую смеласць: бліц-апытанне “Якія цэны здзівілі вас найбольш?”, у якім нават узгадалі пра “шок ад новых цэнаў”. Невядома, ці выклікаў гэты матэрыял нараканні “зверху”, але ўжо ў апошнім нумары на эканамічную тэму больш ні слова, а колькасць пазітыву на старонках выдання толькі павялічылася.
“Праваабарончая хроніка”