Салігорцы выходзяць на плошчу, нягледзячы на пераслед
Сацыяльная сетка “УКантакце” зноў сабрала салігорцаў на
цэнтральнай плошчы гораду. У нядзелю, 12 чэрвеня, каля пяцідзесяці жыхароў
Салігорску прынялі ўдзел у сустрэчы “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, арганізаванай
карыстальнікам папулярнага інтэрнэт рэсурсу vkontakte.ru. Сустрэча праходзіла пад пільным наглядам супрацоўнікаў
міліцыі. Пасля завяршэння акцыі міліцыянты спрабавалі затрымаць новых і
незаангажаваных удзельнікаў, але ў рэшце рэшт абмежаваліся праверкай дакументаў
і перапісваннем асабістых дадзеных.
Першая такая сустрэча ў сталіцы шахцёраў адбылася 8
чэрвеня. У той дзень пасля заканчэння акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі
чатырох мужчын “для высвятлення асобаў”. І хоць усіх затрыманых вызвалілі цягам
гадзіны, пераслед удзельнікаў на гэтым не спыніўся. Як стала вядома мясцовым
праваабаронцам, супрацоўнікі міліцыі скантактоўваліся з працадаўцамі ўсіх
затрыманых і папярэджвалі аб недапушчальнасці ўдзелу іх работнікаў у акцыях
падобнага кшталту.
Але на гэтым прадстаўнікі спецслужбаў не спыніліся. Раніцай 11 чэрвеня пад
ціскам з боку супрацоўнікаў мясцовага КДБ была выдалена суполка “Рэвалюцыя праз
сацыяльныя сеткі ў Салігорску”, якая заклікала салігорцаў прыйсці на
цэнтральную плошчу 15 чэрвеня а 19 гадзіне. Супрацоўнікі КДБ наўпрост
патэлефанавалі аганізатару сустрэчы і прыгразілі “праблемамі”.
Нягледзячы на ціск і пераслед, жыхары гораду збіраюцца выходзіць на цэнтральную
плошчу гораду кожную сераду.
“Праваабарончая хроніка”