Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (6-12 чэрвеня)
На агульную сумму больш за 3 млн. бел. руб. аштрафаваныя ўдзельнікі акцыі пратэсту “Стоп бензін”. 12 чэрвеня на памежным пераходзе “Брузгі” гарадзенскі спецназ жорстка разагнаў стыхійны мітынг кіроўцаў. Праваабаронцы патрабуюць спыніць жорсткае абыходжанне і катаванні ў дачыненні да палітвязня Мікіты Ліхавіда. Прадпрымальнік, сябра Нацыянальнай Рады АГП Андрэй Бандарэнка, які правёў за кратамі два гады, канчаткова апраўданы – Вярхоўны Суд падцвердзіў незаконнасць вынесенага прысуду. Падчас Вроцлаўскага Глабальнага Форуму беларускія дэмакратычныя арганізацыі БАЖ, ПЦ “Вясна” і “Свабодны тэатр” уганараваныя Прэміяй Свабоды.
Катаванні і іншыя формы жорсткага і бесчалавечнага абыходжання
На 21-гадовага Мікіту Ліхавіда, асуджанага да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, адміністрацыя Наваполацкай калоніі аказваецца дадатковы ціск: як стала вядома 9 чэрвеня, ён ужо тройчы за час адбыцця пакарання змешчаны ў штрафны ізалятар (ШЫЗА). У гэты ж дзень Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступілі з заявай, у якой патрабуюць спыніць жорсткае абыходжанне і катаванні ў дачыненні да палітвязня. Праваабаронцы адзначаюць, што ў выпадку з М. Ліхавідам змяшчэнне ў ШЫЗА ня можа расцэнвацца інакш як дадатковы інструмент ціску на яго з боку ўладаў Беларусі.
10 чэрвеня жонку палітвязня Алеся Атрошчанкава Дар'ю Корсак выклікалі ў вайсковую пракуратуру для дачы паказанняў адносна вядомых ёй фактаў катаванняў у КДБ. Аднак допыт не адбыўся, бо Корсак прыйшла ў вайсковую пракуратуру з прадстаўніком — незалежнай юрысткай Аленай Танкачовай, але сьледчы адмовіўся весьці допыт у прысутнасьці Танкачовай.
Умовы ўтрымання ў месцах зняволення
Маці і сябры асуджанага на тры гады ўдзельніка Плошчы Фёдара Мірзаянава перасталі атрымліваць ад яго карэспандэнцыю. За дзесяць дзён родныя не атрымалі ніводнага ліста, хаця дакладна ведаюць, што Фёдар піша ім рэгулярна. Ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага і чакае адпраўкі ў калонію “Ваўчыныя норы”.
Гарадзенец Алесь Кіркевіч, асуджаны да чатырох гадоў зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў так званых “масавых беспарадках”, па-ранейшаму знаходзіцца ў той жа перапоўненай камеры ў СІЗА на Валадарскага. Па словах жонкі, ён атрымлівае лісты толькі ад яе і сваёй маці. Між тым, дакладна вядома, што лісты палітвязню, акрамя блізкіх сваякоў, пішуць іншыя гарадзенцы. Нагадаем, што раней Кіркевіч не атрымліваў усе выпісаныя яму газеты. Такім чынам, асабістая карэспандэнцыя зняволенага “фільтруецца” адміністрацыяй ізалятару.
Як паведаміла Вольга Класкоўская, яе брат Аляксандр Класкоўскі разам з Міколам Статкевічам 11 чэрвеня этапаваныя ў калонію № 17. Яна знаходзіцца ў пасёлку Маладзёжны пад Шкловам. Яшчэ двое фігурантаў справы аб масавых беспарадках — кандыдат ў прэзідэнты Дзмітрый Ус і Дзмітрый Буланаў мусілі быць этапаваныя ў Магілёўскую калонію.
Асуджаны на два гады зняволення лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч пераведзены з СІЗА № 1 на Валадарскага ў Жодзіна. З чым гэта звязана невядома. Па словах ягонай намесніцы Насты Палажанкі ўжо вядома месца адбыцця пакарання – калонія ў Горках, куды Дашкевіча адправяць пасля разгляду касацыйнай скаргі.
Пераслед праваабаронцаў
Міністэрства юстыцыі вынесла другое ў гэтым годзе пісьмовае папярэджанне Беларускаму Хельсінскаму камітэту. Падставай для яго сталі "парушэнні падатковага заканадаўства, якія маюць працяглы характар". Заканадаўства дазваляе ініцыяваць судовы працэс аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня пры наяўнасьці двух папярэджаньняў за год.
Абмежаванні права на свабоду мірных сходаў
7 чэрвеня ў Менску прайшла масавая акцыя пратэсту аўтамабілістаў супраць чарговага павышэння коштаў на паліва «Стоп-бензін», ініцыяваная інфармацыйна-асветніцкай установай “За Аўто”. У ёй узялі ўдзел некалькі сотняў аўтааматараў. Некалькі ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Цэнтральны райсуд Менску пакараў Груздзіловіча Паўла, Кавалгіна Зміцера, Рэдзькіна Аляксандра і Алесю Макась штрафамі ў памеры ад 15 да 20 б.в. Агульная сума спагнанняў перавысіла 3 мільёны рублёў, а ўсяго за адны суткі беларусы для выплату штрафаў сабралі больш за 5 мільёнаў рублёў. Тым ня менш, пераслед ўдзельнікаў пратэсту не спыняецца. “Нумары машын былі «прабітыя» па базе і разам з усімі дадзенымі, дыскамі з фатаграфіямі і відэа адпраўленыя ў раённыя ДАІ Менску. І кожнае раённае ДАІ будзе выклікаць «сваіх» парушальнікаў”, – заявіла начальнік аддзелу агітацыі і прапаганды ДАІ Менску Жана Трайно.
8 чэрвеня ў Салігорску былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў сустрэчы “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, арганізаванай карыстальнікам папулярнага інтэрнэт рэсурсу vkontakte.ru. Іх даставілі ў мясцовы РАУС і пасля высвятлення асобаў цягам гадзіны вызвалілі без складання пратаколаў. Варта адзначыць, што “рэвалюцыя” не прадугледжвае наяўнасці ва ўдзельнікаў аніякай атрыбутыкі, плакатаў ці сцягоў, гэта маўклівая акцыя пратэсту. Яе ініцыятары заклікалі жыхароў Беларусі прыйсці а 19.00 на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і прабыць там да 19.30. Ініцыятары заявілі, што акцыя будзе штотыднёвай: "Калі на плошчы будуць тысячы людзей, гэта будзе знак таго, што можна пачаць больш актыўныя дзеяньні. Але спачатку трэба выйсьці".
8 чэрвеня ў Мазыры акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” ў «Кантакце» перашкодзілі міліцыянты, якія затрымлівалі моладзь па дарозе да цэнтру горад, абвінавачваючя іх у парушэнні грамадскага парадку і нецэнзурнай лаянцы. Усяго ў мясцовы РАУС былі дастаўленыя 12 удзельнікаў акцыі. Усіх вызвалілі ў той жа дзень пасля паўтарагадзіннай прафілактычнай гутаркі. У Менску "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" набрала каля 400 менчукоў, а ў Гомелі – больш за сотню. Тут маўклівыя акцыі прайшлі без затрыманняў.
12 чэрвеня на памежным пераходзе Брузгі на Гарадзеншчыне ўтварыўся стыхійны мітынг кіроўцаў. Паводле новых правілаў яны мусяць сплаціць пошліну за выезд за мяжу часцей аднаго раза ў 5 дзён, таму многім з жадаючых ехаць у Польшчу давялося вярнуцца дадому. На месца пратэсту з Гародні быў выкліканы спецназ. Пры разгоне быў выкарыстаны слезацечны газ. Паведамляецца аб дзясятках збітых і затрыманых. Паводле папярэдніх звестак, былі затрыманыя 15 чалавек.
Адміністрацыйныя затрыманні і пакаранні
6 чэрвеня Завадскі райсуд сталіцы адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу сябра “Руху будучыні” Дзмітрыя Няфёдава, якога супрацоўнікі міліцыі абвінавачвалі ў парушэнні арт. 17.1 КаАП - “дробнае хуліганства”. Суддзя Мікалай Балаўнёў звярнуў увагу на супярэчнасці ў пратаколе. У выніку грамадскага актывіста, затрыманага 3 чэрвеня падчас правядзення ў яго ператрусу па справе аб падпале Дома правасуддзя, вызвалілі ў залі суду.
Берасцейскі грамадскі актывіст Іван Стасюк быў затрыманы падчас мытнага кантролю на беларуска-польскай мяжы і дастаўлены ў мясцовае аддзяленне КДБ для правядзення прафілактычнай гутаркі. Супрацоўнікі спецслужбаў распытвалі яго пра дзейнасць у інтэрнэт-суполках, выезды за мяжу, кантакты з украінцамі і інш. Па словах Стасюка, супрацоўнікі КДБ пагражалі ціскам на ягоных родных у Беларусі і дэзінфармаваннем сяброў ды знаёмых актывіста аб супрацоўніцтве з КДБ.
Двойчы за тыдзень затрымліваўся старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Мікалай Пахабаў. 8 чэрвеня ён быў спынены каля Смалявічаў супрацоўнікамі мясцовага ДАІ і дастаўлены ў пастарунак. У Пахабава канфіскавалі каля сотні асобнікаў газеты «Новы час» і прафсаюзны бюлетэнь. 10 чэрвеня прафсаюзнага дзеяча затрымалі ізноў, нягледзячы на тое, што ён ехаў не на сваёй машыне. Былі канфіскаваныя 110 асобнікаў прафсаюзнага бюлетэню "Рабочая салідарнасць".
Абмежаванні свабоды слова
Супрацоўнікі спецслужбаў уварваліся ў кватэру стваральніка суполкі "Вконтакте" «Мы За Вялікую Беларусь!» Сяргея Паўлюкевіча і выдалілі яе з інтэрнэту. Суполка заклікала да правядзення «Маршу мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі. Удзельнікі планавалі распачаць яго 15 ліпеня на цэнтральнай плошчы сталіцы. У суполцы было каля 120 тысяч удзельнікаў.
11 чэрвеня пад ціскам з боку супрацоўнікаў мясцовага КДБ была выдалена суполка “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі ў Салігорску”, якая заклікала салігорцаў прыйсці на цэнтральную плошчу 15 чэрвеня а 19 гадзіне. Супрацоўнікі КДБ наўпрост патэлефанавалі аганізатару сустрэчы і пагражалі “праблемамі”.
Берасцейскі прадпрымальнік, намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Віктар Чайкоўскі атрымаў адмову за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Мікалая Кукліса на сваю скаргу аб адмене папярэджання па артыкуле 369, ч.1 Крымінальнага кодэкса РБ, вынесенага Брэсцкай абласной пракуратурай у траўні 2010 года. Гэты артыкул азначае дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу Чайкоўскі лічыць усе факты, якія ён агучвае ў прэсе і на радыё, праўдзівымі.
Дыскрымінацыя
У Бярозе знік адзіны беларускамоўны клас у сярэдняй школе № 2. Чатыры гады таму інжынер аднаго з бярозаўскіх прадпрыемстваў Алег Лабовіч цэлы год ліставаўся з рознымі навучальна-асветніцкімі ўстановамі, каб беларускамоўны клас быў адкрыты. Таксама знайшлося 16 бацькоў, якія пажадалі, каб іх дзеці вучыліся на беларускай мове. Такі клас быў адкрыты ў адной з лепшых школ горада. Але, як высветлілася, у адміністрацыі школы № 2 не хапіла жадання зберагчы гэтую маленькую выспачку беларушчыны пры пераходзе класа да розных прадметнікаў.
Абмежаванні свабоды асацыяцыяў
Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу слонімскіх актывістаў да абласнога ўпраўлення юстыцыі, якое адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднання "Залаты леў". Гарадзенскі абласны суд абгрунтаваў сваё рашэнне тым, што ў статуце грамадзкага аб’яднання няма нормы пра парадак абскарджвання рашэнняў кіроўных органаў аб’яднання.
6 чэрвеня ў Менску прэзентаваны грамадскі вэб-архіву "Вытокі". Упершыню на Беларусі зробленая спроба стварыць унікальны архіў па гісторыі развіцця грамадзянскай супольнасці і вызвольнага руху цягам апошняга паўстагоддзя. Гэтая супольная ініцыятыва праваабарончага цэнтру "Вясна", арганізацыі "Дыярыуш", Асамблеі НДА і "Цэнтра Супольнасць" найперш павінна зберагчы ўнікальныя гістарычныя матэрыялы для новых пакаленняў беларусаў і тых, хто ўсур’ёз даследвае сучасную гісторыю.
Пераслед грамадска-палітычных актывістаў
На каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" ў Рагачове, прадпрымальніка Дзяніса Дашкевіча пасля прэзідэнцкіх выбараў абрынуўся шквал праверак з боку фінансавай міліцыі. У выніку яму выпісалі штраф у памеры 1,2 млн. рублёў, які, праўда, абяцалі скараціць у тры разы, калі ён перастане займацца палітычнай дзейнасцю.
Незалежнасць судовай сістэмы
10 чэрвеня Вярхоўны Суд Беларусі падцвердзіў апраўдальны прысуд Менскага гарадзкога суду адносна прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, сябра Нацыянальнага савета АГП. Суд прызнаў, што прадпрымальніка асудзілі незаконна, і зняў з яго абвінавачванні ў крадзяжы маёмасці фірмы праз махлярства.
9 чэрвеня прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы перадалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта чарговы калектыўны зварот за подпісам 111 чалавек, чые блізкія пацярпелі ад беззаконня ў беларускіх судах.
"Праваабарончая хроніка"