Брэсцкім сацыял-дэмакратам адмоўлена ў дазволе на пікеты
Старшыня Брэсцкай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага і намеснік старшыні Брэсцкай абласной Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў атрымаў адмову з Брэсцкага гарвыканкама на правядзенне пікета 17 чэрвеня, скіраванага супраць збяднення.
Пікет планавалася првесці на пешаходнай дарожцы каля рынка “Лагуна” у мікрараёне Кавалёўка. Прычына адмовы – акцыя замоўлена не ў вызначаным уладамі месцы.
На думку Лазарэнкава, сваёй адмовай улады прадэманстравалі нежаданне выслухаць прэтэнзіі грамадзян адносна эканамічнага правалу:
- Урад ніякіх рэальных крокаў не робіць для паляпшэння эканамічнага становішча. Раздуты апарат чыноўнікаў і праваахоўных органаў павешаны на плечы народа -- і пра скарачэнні ніякіх размоваў.
Сацыял-дэмакратам адмоўлена было ў пікеце і на 11 чэрвеня, нягледзячы на тое, што яны замаўлялі яго ў адзіным дазволеным ў Берасці месцы – стадыёне “Лакаматыў”. Прычынай тады было названа тое, што ў гэты час на стадыёне праходзіць чэмпіянат РБ па футболу сярод жанчын вышэйшай лігі.
Па словах Лазарэнкава, улады могуць дачакацца, што само насельніцтва пачне рашучыя крокі, нягледзячы на адмовы гарвыканкама.
“Праваабарончая хроніка”