Журналіст уздымае праблему выкарыстання беларускай мовы работнікамі дзяржаўных органаў
Журналіст Уладзімір Лапцэвіч у сваіх зваротах да кіраўніцтва Упраўлення ўнутраных справаў і Упраўлення юстыцыі звяртае ўвагу на адмову работнікаў дзяржаўных органаў выкарыстоўваць беларускую мову падчас выканання імі сваіх службовых абавязкаў.
У скаргах, накіраваных журналістам загадчыкам Упраўлення ўнутраных справаў і Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму, ён сцвярджае, што супрацоўнікі Ізалятара часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкаму не валодаюць дзяржаўнай мовай, альбо адмаўляюцца ёй карыстацца, а суддзя Ленінскага суда Магілёва Ірына Ланчава не толькі адмовілася весці судовы працэс у дачыненні Лапцэвіча на беларускай мове, але і не запрасіла перакладчыка. У. Лапцэвіч адзначае, што дзеянні службовых асобаў парушылі ягоныя правы і зняважылі нацыянальную годнасць.
Журналіст просіць арганізаваць для супрацоўнікаў ІЧУ моўныя курсы і пакараць суддзю Ланчаву за парушэнне права У. Лапцэвіча карыстацца роднай мовай падчас судовага працэсу.
Ўладзімір Лапцэвіч 25 сакавіка быў затрыманы ў Магілёве супрацоўнікамі міліцыі. Журналіст выконваў свае прафесійныя абавязкі па асвятленні акцыі дэмакратычных сілаў Магілёва, прымеркаванай да Дня Волі. Суддзя Ленінскага раённага суда Ірына Ланчава прызнала яго вінаватым у «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі», у выніку чаго ён быў асуджаны на сем сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбываў у ІЧУ УУС МАгілёўскага аблвыканкаму.