viasna on patreon

Затрыманых у “Брузгах” усё ж асудзілі да штрафаў

2011 2011-06-13T23:14:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/grodna-bruzgi-shapira.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманых увечары 12 чэрвеня на памежным пераходзе “Брузгі” ўсё ж пакаралі грашовымі штрафамі. Аднак, афіцыйнага пацверджання гэтая інфармацыя на сустрэчы ў аблвыканкаме так і не атрымала.

Яшчэ з раніцы ў судзе Гродзенскага раёну журналістам сцвярджалі, што суды 13 чэрвеня не адбудуцца. Пазней стала вядома, што 14 затрыманых пакаралі грашовым штрафам у памеры 2 мільёны 600 тысяч кожнага. Па словах некаторых з удзельнікаў страйку на мяжы, усіх затрыманых моцна збілі.

Сваім парадкам кіраўніцтва Гродзенскім аблвыканкамам на чале з “губернатарам” Сямёнам Шапірам правяло сустрэчу з прадстаўнікамі так званага “чаўночнага бізнесу”. Шапіра прыйшоў на сустрэчу ажно з 9-цю іншымі чыноўнікамі і службовымі асобамі, сярод якіх былі кіраўнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Васіль Дземянцей і начальнік Гродзенскай памежнай службы Ігар Будкевіч. Спачатку ў залу аблвыканкаму пусцілі толькі частку людзей, але грамадзян на прыступках збіралася ўсё больш, і ўрэшце “вертыкальшчыкі” прапусцілі ў залу ўсіх ахвотных. Задаць вострыя пытанні і паслухаць адказы на набалелае прыйшло больш 400 чалавек.

Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Шапіра назваў інцыдэнт на “Брузгах” “пастыдным сярэднявеччам” і некалькі разоў грозна папярэджваў прысутных за магчымыя “беспарадкі”.

Прысутныя эмацыйна, а часам і сумбурна задавалі шматлікія пытанні. Яны тычыліся нормаў правозу праз мяжу цыгарэтаў, паліва, так званых “зялёных картаў”, стаўлення мытнікаў да грамадзян. Лейтматывам гучала парушэнне права чалавека свабоднага перамяшчэння. На гэта чыноўнікі адказвалі, што ўведзена абмежаванне не на перамяшчэнне фізічных асобаў, а на перавоз тавараў, да якіх зараз залічана і паліва.

Па выніках сустрэчы было відавочна, што большасць людзей разыходзілася з яшчэ большым скепсісам, а вось рэгіянальныя ўлады выказалі намер жорстка разбірацца з тымі, хто паспрабуе пратэставаць супраць новай дзяржаўнай палітыкі на памежных пераходах.     

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства