viasna on patreon

Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце абразы дзяржаўнага сцяга ў блогу Ліпковіча

2011 2011-06-15T12:20:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генеральнай пракуратурай Беларусі распачатая і перададзеная для арганізацыі расследавання ў ГУУС Мінгарвыканкама крымінальная справа па факце абразы дзяржаўнага сцяга ў блогу Яўгена Ліпковіча.

Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, крымінальная справа па арт. 370 (здзек з Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь) была распачатая Генеральнай пракуратурай яшчэ 20 траўня і толькі днямі была перададзеная на расследаванне ў сталічную міліцыю.

Паводле звестак Генпракуратуры, падставай для распачынання крымінальнай справы стала тое, што на інтэрнэт-рэсурсе lipkovich.livejournal.com 25 верасня 2010 і 5 мая 2011, з выкарыстаннем фотамантажу вырабленыя выявы дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь абразлівага, блюзнерскага характару, што выразілася ў нанясенні на графічную выяву сцяга абразлівых надпісаў і ажыццяўленні з ім маніпуляцый, якія абражаюць грамадскую маральнасць.

Мяркуецца, што дадзеная старонка належыць вядомаму ў Беларусі блогеру Яўгену Ліпковічу. Нагадаем таксама, што на мінулым тыдні блог Ліпковіча быў заблакаваны паводле рашэння Генеральнай пракуратуры прадпрыемствам па наглядзе за электрасувяззю «БелГІЭ». На думку пракуратуры, блог Яўгена Ліпковіча «распаўсюджвае інфармацыю дэструктыўнага характару і здзекуецца з дзяржаўнай сімволікі», таму доступ да яго для дзяржаўных структур, установаў адукацыі і культуры павінен быць абмежаваны.

«Гэта сведчыць, што параноя стала ў нас дзяржаўнай хваробай», — сказаў тады Яўген Ліпковіч у інтэрв’ю «Белсату». Ён адзначае, што за абразу дзяржаўных сімвалаў у Беларусі прадугледжваецца крымінальная адказнасць: «Калі БелГІЭ вінаваціць мяне ў гэтым, цікава, чаму на мяне не падалі ў суд?»

Падобна да таго, што давядзецца чакаць суда. Між тым, у інтэрв’ю «Ежедневнику» Яўген Ліпковіч заявіў, што нічога не ведае пра гэтую крымінальную справу, што ніякага ваеннага злачынства не здзяйсняў і сцяг Беларусі не абражаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства