Маладэчна: затрыманы карэспандэнт БелаПАН Яўген Сухаверхі і грамадскі актывіст Яўген Каросцік
У Маладэчне на Цэнтральнай плошчы сабралася больш за паўтары сотні чалавек. Падчас мерапрыемства вакол плошчы дзяжурыла міліцыя і людзі ў цывіліным. Удзельнікі паводзілі сябе спакойна і мірна. Усё адбывалае знімала на камеру Маладэчанскае тэлебачанне. Таксама на плошчы быў заўважаны галоўны раённы ідэолаг Анатоль Асманаў.
Прастаяўшы каля паўгадзіны, прысутныя паапладзіравалі і пачалі разыходзіцца. Тады міліцынты актывізаваліся і пачалі спыняць удзельнікаў, правяраць іх пасведчанні асобы і перапісваць дадзеныя. Вядома, што адбылося і два затрыманні - карэспандэнта Белапан Яўгена Сухаверха і грамадзкага актывіста Яўгена Каросціка. Нават не зважаючы на журналісцкае пасведчанне, Яўгена прымусілі знішчыць усе фотаздымкі.
За падзеямі назіраў праваабаронца Алесь Капуцкі, у якога таксама перапісалі асабістыя дадзеныя.
Нягледзячы на павышаную ўвагу да “гуляння па плошчы” з боку праваахоўных органаў, многія ўдзельнікі развітваліся адзін з адным: “Да наступнай серады!”