У віцебскай кватэры абвінавачанага ў тэракце апісалі маёмасць
Маці аднаго з двух абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў мінскім метро, а таксама яшчэ ў шэрагу злачынстваў з выкарыстаннем выбуховых прыстасаванняў, распавяла пра працяг следчых дзеянняў па справе тэракту: “Супрацоўнікі міліцыі апісалі рэчы, якія сыну не належаць, і зноў не пакінулі мне ніякага пратаколу”.
Як патлумачылі маці абвінавачанага, апісанне маёмасці праводзіцца на выпадак узнікнення матэрыяльных прэтэнзіяў да арганізатараў тэракту: “Я спачатку пратэставала, бо сынавых рэчаў у кватэры практычна не засталося. Ён сам набываў сабе адзенне, але іншыя рэчы набытыя намі, бацькамі… І суседзі, якія былі панятымі, таксама пратэставалі: маўляў, на якой падставе вы апісваеце маёмасць усей сям’і. Я згадала, што ўсё адзенне, а таксама мабільныя тэлефоны сына, яго кампутар – гэта ўжо забралі пасля ператрусаў. Прычым пасля другога ператрусу мне нават не пакінулі пратаколу пра тое, што забралі. Гэтым разам я нават не стала чытаць, што яны там апісвалі, толькі сказала: “Забірайце што хочаце, але вярніце мне сына”. Калі крыху супакоілася, то ўбачыла, што ніякага пратаколу мне не пакінулі і зараз”.
Праваабаронца Павел Левінаў тлумачыць, што адпаведна арт. 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, арышт на маёмасць можа быць накладзены, але ўласніку мусілі патлумачыць ягоныя абавязкі па захаванні апісаных рэчаў. Бо ён нясе за іх матэрыяльную адказнасць і не мае права прадаць або падараваць. Пры гэтым з уласніка мусяць узяць падпіску, што ён азнаёмлены з пастановай, і абавязкова – пакінуць пратакол з пералікам апісанага.
Маці абвінавачанага згадвае, што нават не ведае, што забралі падчас другога ператрусу ў віцебскай кватэры, бо няма адпаведнага дакументу, а таксама, што забралі з кватэры ў Мінску, дзе сын здымаў пакой. Падчас ператрусу яна якраз была ў той кватэры, але яе не дапусцілі назіраць за дзеяннямі следчых – загадалі чакаць у іншым пакоі. У выніку сталася так, што былі забраныя рэчы мінскай гаспадыні, з якой цяпер невядома як за іх разлічвацца.
13 чэрвеня ператрус правялі ў вясковай хаце, дзе некалі жылі дзядуля і бабуля абвінавачанага ў тэракце. Сам ён не быў там ужо больш як 10 гадоў. Але супрацоўнікі міліцыі перагледзелі усё ў хаце і ў пуні, сказаўшы, што шукаюць дамкрат. Шуканае не знайшлі, і маці не ўяўляе, якое дачыненне мае гэткае прыстасаванне да выбуху ў метро.
“Праваабарончая хроніка”