Баранавічы: на пікет супраць збяднення народа не хапіла міліцыі
Запланаваны баранавіцкімі сацыял-дэмакратамі пікет 16 чэрвеня ў старым гарадскім парку супраць збяднення народа і павышэння коштаў на тавары і паслугі не адбыўся, бо ў мясцовай міліцыі не аказалася 5 вольных супрацоўнікаў.
Раней мы паведамлялі, што Баранавіцкі гарвыканкам дазволіў 16.06.2011 года правядзенне пікета, і ў арганізатара акцыі Вячаслава Болбата было ўсяго 2 дні, каб паспець заключыць дамовы і аплаціць паслугі Баранавіцкай спецаўтабазы, хуткай дапамогі, міліцыі і пажарнікаў, якія па рашэнні гарвыканкама павінны абслугоўваць масавае мерапрыемства.
Як паведаміў Вячаслаў Болбат, ён не здолеў падпісаць дамову з міліцыяй, якая павінна была накіраваць пяць міліцыянераў на ахову грамадскага парадку на пікеце. Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксей Трафімаў патлумачыў арганізатару пікета, што супрацоўнікаў МУС у Баранавічах цяпер не хапае.
“Мне паведамілі, што чэрвень месяц – гэта пара адпачынкаў, – кажа Вячаслаў Болбат. – І што гарадская міліцыя ў гэтыя дні дапамагае раённай ахоўваць парадак на рэках і вадаёмах, у дзяцячых лагерах адпачынку, таму пяці вольных міліцыянтаў няма”.
Па словах Вячаслава Болбата, у склаўшайся сітуацыі ён прапанаваў прыслаць на мерапрыемства аднаго міліцыянера ці нарад ППС. Але яму патлумачылі, што пікет – гэта сур’ёзнае мерапрымства, таму міліцыя не можа ў абмежаваным аб’ёме прадастаўляць такія паслугі.
Вячаслаў Болбат лічыць гэтую сітуацыю ненармальнай, бо яго канстытуцыйнае права на правядзенне масавага мерапрыемства цалкам залежыць ад волі і жаданняў мясцовых чыноўнікаў.
“Праваабарончая хроніка”