У Ваўкавыску ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту выклікаюць у КДБ
Супрацоўнікі КДБ выклікаюць дзевяць навучэнцаў Ваўкавыскага педагагічнага каледжу, якія былі затрыманыя 15 чэрвеня сярод 13-ці ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Вусныя “запрашэнні” камітэтчыкі перадалі праз адміністрацыю навучальнай установы.
Супрацоўнікі КДБ напярэдадні наведаліся ў адміністрацыю каледжу і ўзялі на вывучэнне асабістыя справы ўдзельнікаў акцыі. Па словах апошніх, нічога канкрэтнага па месцы вучобы ім пакуль не кажуць, аднак з’явіліся чуткі пра іх адлічэнне.
У Ваўкавыску 15 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 13 ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту. У РУУСе ў іх узялі тлумачэнні і правялі “прафілактычную” гутарку. Прыблізна праз паўтары гадзіны ўсіх затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў.