Вольга Бандарэнка: Дзмітрый перадаў праз адваката, каб яго ратавалі
У каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнкі рэзка пагоршала здароўе.
«Апошні ліст ад Дзмітрыя я атрымала 19 чэрвеня. У ім ён пісаў, што пакутуе ад моцных боляў у хрыбетніку і нагах. Да таго ж ізноўку абвострылася язва страўніка. Я як адчувала, што гэта можа дрэнна скончыцца, і папрасіла адваката наведаць Дзмітрыя ў СІЗА», — распавяла «Белсату» жонка палітвязня Вольга Бандарэнка.
Адвакат і паведаміў Вользе, што Дзмітрыю стала настолькі кепска, што адміністрацыя Валадаркі вырашыла шпіталізаваць вязня.
Цяпер Дзмітрый Бандарэнка — у медсанчастцы СІЗА, ён практычна абязножаў. Жанчына нагадвае, што некалькі месяцаў дамагалася шпіталізацыі мужа. Аднак турэмная адміністрацыя ўпарта адмаўляла, маўляў, у іх няма гісторыі хваробы асуджанага. Дзмітрыя Бандарэнку нават спрабавалі пераканаць, што яму лепей папрасіць пераводу ў калонію, не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі.
«Нарэшце Дзмітрыю ўсё ж такі зрабілі біяхімічны аналіз крыві і магнітна-рэзанансную тамаграфію. Не ведаю, ці то вынікі аналізаў іх так напалохалі, ці ліст ад еўрапейскага дэпутата Марэка Мігальскага паспрыяў, але яны нарэшце вырашылі звярнуць увагу на Дзімава здароўе», — гаворыць Вольга Бандарэнка. Жанчына сёння праз адваката таксама атрымала спіс медыкаментаў, неабходных для лекавання мужа.