Супрацоўнікам бялыніцкай міліцыі і МНС не падабаецца Купалле?
На працягу ўжо некалькіх гадоў дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна адзначаюць беларускае народнае свята Купалле на беразе ракі Друць каля вёскі Гута. Звычайна на святкаванне завітвае шмат гасцей з розных куткоў Магілёўшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі. Захавалася добрая традыцыя і ў гэтым годзе, нягледзячы на тое, што пастаянны арганізатар свята, грамадскі актывіст з Бялыніч Алег Мяцеліца быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля сумна вядомых падзей на Плошчы ў Мінску 19 снежня 2010 года. Добрую традыцыю працягнулі іншыя людзі, у тым ліку брат Алега Мікалай.
У гэтым годзе арганізатары збіраюцца ладзіць свята з 24 па 26 чэрвеня, аднак шмат хто з гасцей з іншых рэгіёнаў прыехалі на некалькі дзён раней, каб мець магчымасць адпачыць у маляўнічым і жывапісным кутку Бялыніччыны. І амаль адразу ж на месца адпачынку пачалі завітваць “госці” з праваахоўных органаў.
- У аўторак, 21 чэрвеня, да адпачываючых прыехаў міліцыянер, які прадставіўся намеснікам начальніка Бялыніцкага РАУС і вельмі доўга распытваў, чаму яны вырашылі адпачываць менавіта ў гэтым месцы і ці не збіраюцца яны тут ладзіць нейкія мерапрыемствы. На наступны дзень у лагер прыехаў ужо супрацоўнік МНС высокага рангу ў форме, яго суправаджалі дзве апранутыя ў грамадзянскую вопратку асобы з невядомай арганізацыі. Супрацоўнік МНС папярэдзіў адпачываючых, што на наведванне леса ў Бялыніцкім раёне накладзена абмежаванне і ён можа пакараць іх штрафам. Таксама візіцёраў вельмі цікавіла, што ж будзе адбывацца на гэтым месцы. Нажаль, прозвішчы “наведвальнікаў” я назваць не магу, бо ніхто з бялыніцкіх актывістаў, якія маглі б ведаць іх у твар, на той момант у лагеры не прысутнічаў, а нашым сябрам з іншых рэгіёнаў яны прадстаўляліся вельмі неразборліва, - распавядае Мікалай Мяцеліца.
Незалежны журналіст з Бялыніцкага раёна Барыс Вырвіч мяркуе, што супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць пільна кантраляваць святкаванне Купалля ў Бялыніцкім раёне:
- Зараз нашы “ўсенародна любімыя” ўлады вельмі баяцца, каб людзі дэмакратычных поглядаў нідзе не збіраліся разам: не гулялі па цэнтральных плошчах сваіх гарадоў, не святкавалі Купалле разам у глухім кутку аддаленага рэгіёна… А калі сур’ёзна, то зразумела, што супрацоўнікі міліцыі і КДБ будуць пільна адсочваць правядзенне свята, бо тут заўсёды збіраецца шмат людзей, якія паважаюць нацыянальныя каштоўнасці. У мінулым годзе, напрыклад, тут святкавалі Купалле больш за 200 чалавек. Да іх у госці завітаў і вядомы беларускі пісьменнік, лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў з жонкай. І тады ў лагер наведваліся супрацоўнікі КДБ, але быў перыяд “лібералізацыі”, таму ніякага ціску на ўдзельнікаў не было, свята прайшло выдатна. Зараз жа сітуацыя змянілася, таму і пажарнікі знянацку заклапаціліся пра пажаранебяспечны стан лясоў каля Гуты, хаця ў Бялыніцкім раёне ўжо тыдзень як амаль штодзень ідуць дажджы, ды і лагер знаходзіцца паблізу ракі, а не ў лесе.
Барыс Вырвіч адзначае, што яго не здзівіць, калі мясцовыя ўлады і праваахоўныя органы наогул паспрабуюць забараніць святкаванне Купалля на беразе Друці.