Купалле ў Бялыніцкім раёне спрабавалі разагнаць з дапамогай АМАПу
Вечарам 24 чэрвеня да традыцыйнага месца правядзення народнага свята Купалля ў Бялыніцкім раёне на рацэ Друць каля вёскі Гута прыбыў аўтобус з магілёўскімі АМАПАўцамі. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі людзей, што калі намёты не будуць разабраныя на працягу дзвюх гадзін і лагер не будзе згорнуты, то да іх будзе ўжыта фізічная сіла. Арганізатары свята адмовіліся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, бо, на іх думку, гэтыя патрабаванні абсалютна незаконныя.
- На працягу дня 24 чэрвеня ў лагер завітвалі самыя розныя супрацоўнікі міліцыі і МНС, прыязджалі і начальнік мясцовай міліцыі палкоўнік Юрый Сіманаў і начальнік Бялыніцкага раённага аддзела МНС падпалкоўнік Станіслаў Бурко, мясцовы ўчастковы, іншыя супрацоўнікі. Яны казалі пра тое, што існуе забарона на наведванне лясоў у сувязі з пажаранебяспечным станам, таму нам патрэбна звярнуць лагер. Было крыху смешна гэта слухаць, бо ў момант папярэджання ішоў даволі моцны дождж, а шматлікія адпачываючыя, якія палілі вогнішчы злева і справа ад нашага лагера, увагу супрацоўнікаў міліцыі і МНС не прыцягвалі і ніякай небяспекі ў сэнсе пажараў не ўяўлялі, - распавядае адзін з пастаянных арганізатараў Купалля з Бялынічаў Мікалай Мяцеліца.
Начальнік Бялыніцкага аддзела МНС Станіслаў Бурко аштрафаў арганізатараў святкавання Віталя Караткевіча на 20 базавых велічыняў (700 тысяч беларускіх рублёў), яго брата Паўла Караткевіча, а таксама Аляксанра Серука – на 25 базавых велічыняў (875 тысяч рублёў). Мікалая Мяцеліцу ўжо іншы супрацоўнік МНС аштрафаваў на 1 базавую велічыню – 35 тысяч рублёў. Агулам штрафамі розных памераў было пакарана каля 20 чалавек.
- Увечары да нашага лагера пад’ехаў ужо аўтобус з магілёўскімі АМАПаўцамі, - працягвае Мяцеліца. – Бялыніцкія міліцыянеры аддалі загад на працягу дзвюх гадзін згарнуць намёты і пакінуць лагер, калі ж мы адмовімся, то яны паабяцалі выкінуць нас з дапамогай АМАПу. На той момант у лагеры знаходзіліся дзесяць дарослых і чацвёра дзяцей. Таксама супрацоўнікі міліцыі блакавалі праезд да лагера, каб да нас не змаглі далучыцца іншыя ўдзельнікі святкавання. Мы адмовіліся выконваць патрабаванні міліцыі, бо не палічылі іх законнымі.
“Доблесныя” бялыніцкія міліцыянеры і іх калегі з магілёўскага АМАПу на разгон людзей з ужываннем фізічнай сілы ўсё ж не наважыліся. Аднак усю ноч і раніцу каля лагера дзяжурыла машына ДАІ з двума супрацоўнікі міліцыі. На думку арганізатараў Купалля, гэта зроблена для таго, каб перашкодзіць іншым жадаючым далучыцца да святкавання Купалля.
Цягам 11 гадоў дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці адзначалі Купалле каля вёскі Гута на рацэ Друць. Звычайна на свята прыязджалі 200-300 чалавек. Нягледзячы на ўсе перашкоды, прыхільнікам беларускіх нацыянальных традыцый Бялыніччыны і іх гасцям удалося адсвяткаваць Купалле і ў гэтым годзе. І, безумоўна, па словах Мікалая Мяцеліцы, гэта добрая традыцыя будзе працягнута і найдалей.